У раёне прайшоў форум Маці, які аб’яднаў актывістак грамадскага руху “Беларускі саюз жанчын”. Мерапрыемства стала выдатнай пляцоўкй для шчырага дыялогу аб ролі маці, духоўнасці, здароўі і дзяржаўнай падтрымцы сям’і.
Праграма форуму атрымалася насычанай і закранула самыя розныя бакі жаночага жыцця. Перад удзельніцамі выступілі аўтарытэтныя спікеры. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Семяніцкі і галоўны ўрач ЦРБ Яўгеній Лагвінец падрабязна спыніліся на маштабных сацыяльных гарантыях і даступнасці медыцынскай дапамогі. Дарэчы, пра здароўе жанчын клапаціліся прама падчас форуму: медыкі прапанавалі ўдзельнікам вымераць ціск і дзяліліся парадамі па прафілактыцы.
Пракурор раёна Андрэй Лявончык звярнуўся да прысутных з важным пасылам аб тым, што менавіта на клапатлівай маці трымаецца моцная сям’я, а таксама закрануў вострыя тэмы дзіцячых правапарушэнняў і прафілактыкі падлеткавай злачыннасці.
Глыбокую хрысціянскую састаўляючую свята акрэсліў айцец Дзмітрый, які нагадаў пра каштоўнасць рэлігійнага выхавання і духоўнай асновы, якой часам так не хапае сучаснаму грамадству.
Кульмінацыяй і самым хвалюючым момантам сустрэчы стала цырымонія ўзнагароджання. Лідар раённай арганізацыі БСЖ уручыла заслужаныя ўзнагароды актывістам руху за іх каласальную працу і грамадскую пазіцыю.
– Нашы жанчыны – гэта неверагодная сіла, у якой спалучаюцца бязмежная пяшчота і вялікая адказнасць. Жадаю, каб у вашых дамах заўсёды панавалі мір, згода і дабрабыт! – пажадала выступоўца.
Шчырыя словы падзякі за мудрыя парады гучалі і ў адрас спікераў.

Асаблівую атмасферу і святочны настрой усім прысутным стварыла творчая частка мерапрыемства. Высокі і душэўны тон сустрэчы задала велічнае выкананне меладычнай кампазіцыі на трубе настаўнікам школы мастацтваў Сяргеем Хрыпачом. Сапраўдным упрыгожваннем дня сталі нашы дзеці. Выхаванцы дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці падарылі прысутным шыкоўны калейдаскоп з песень, танцаў і вершаў. А вучні другой гарадской школы (на фота) узялі на сябе вельмі важную місію – яны сталі сапраўднымі анёламі свята, ахінуўшы кожную жанчыну клопатам, уручыўшы кветкі і салодкія цукеркі з цёплымі пажаданнямі.
Форум яшчэ раз даказаў: пакуль нашы маці разам дбаюць пра мір, духоўнасць і будучыню – наша грамадства будзе моцным і шчаслівым.
Галіна КАЗАК.
Фота Марыі ТАМКО.




