Экавыхаваўчы аспект: на Петрыкаўшчыне Нацыянальны парк «Прыпяцкі» дапамагае разгортваць работу школьных лясніцтваў

Сістэмнае экалагічнае выхаванне на прынцыпах “зялёнай школы” — гэта ўжо рэальнасць у 2-­й школе Петрыкава, якая праяўляецца там і на прышкольнай тэрыторыі. Расказваючы пра гэта, мы згадалі, што і ў Капцэвічах, у іншых школах раёна робіцца салідны экавыхаваўчы акцэнт: праз разгортванне дзейнасці школьных лясніцтваў.

На чыім ты едзеш возе…

Ёсць у народзе мудрае выслоўе з глыбокім падтэкстам: “На чыім ты едзеш возе, таму і песеньку спявай”. А практычна ўсё Палессе ў лясах, што і з назвы рэгіёна вынікае. Лес “вязе” важную частку тамтэйшага ладу жыцця. На такую прыродную адметнасць многае, у тым ліку і культура, эканоміка палеская, завязана. То было б дзівам-неразумнасцю, калі б палешукі, жывучы ў моцных абдымках лясоў, не скарыстоўвалі іх патэнцыял, асабліва ў выхаваўчых мэтах. Вобразна кажучы, на лесе беларусам варта не толькі ехаць — трэба яму і песенькі спяваць…

Інтэрнэт падказвае: лясамі ў Беларусі пакрыта больш за 40% тэрыторыі, а на самай лясістай Гомельшчыне, пра якую тут гаворка, і ўвогуле пад 47% — амаль палова! Лес не толькі нас корміць, сагравае, дае салідны прыбытак працавітым, абараняе ад кліматычных катаклізмаў, аздараўлівае атмасферу — ён і выхоўвае. Зрэшты, пра нявыхаваных, бескультурных людзей ка­жуць, што яны раслі на лес гледзячы. Ды, відаць, гаворка пра дзікі, цёмны, запушчаны лес. А разумнае “лесавыхаванне”, як сведчыць вопыт школьных лясніцтваў, дае добры плён. Спецыялісты скажуць: “Станоўчы выхаваўчы эфект”.

У Петрыкаўскім раёне, расказвае Людміла Жукавец, якая кіруе аддзелам адукацыі райвыканкама, пашыраецца ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з Нацыянальным паркам “Прыпяцкі”. Як вядома, галаўны офіс парку (які сёлета святкуе 30-гадовы юбілей з часу ўтварэння) — у Ляскавічах, адкуль і Людміла Мікалаеўна родам. Там выкладалі ў школе і яна, і яе маці. Многія ведаюць пра турыстычную дзей­насць “Прыпяцкага”, прытым шматлікіх гасцей вабіць багатая культурна-гістарычная спадчына Палесся, унікальныя прыродныя рэсурсы. Каб лепш разумець патэнцыял такога саліднага партнёра сістэмы адукацыі, нагадаем: яго плошча — амаль 200 тысяч гектараў, у структуры — 16 лясніцтваў, ёсць лесапаляўнічая гаспадарка і дрэваперапрацоўчыя магутнасці, некалькі турыстычных комплексаў і свой музей пад адкрытым небам.

— Зразумела, такому вялізнаму комплексу патрэбны кадры, прычым людзі розных прафесій, таму прафарыентацыя вядзецца ў школах у тым ліку з удзелам супрацоўнікаў парку, — гаворыць Людміла Жукавец. — Прыходзяць да нас, у прыватнасці, яго навуковыя супрацоўнікі. У Ляскавіцкай сярэдняй школе педагогі з імі ўзаемадзейнічаюць. Па навуковай тэматыцы дзеці вядуць работу пад кіраўніцтвам Людмілы Рубіс. Яна, дарэчы, мая аднакласніца, настаўніца біялогіі.

У Ляскавічах асабліва зручна працаваць у экалагічным напрамку. Там створана цікавая экасцежка, дзеці праводзяць даследчыя работы разам з навукоўцамі. Можна і балоты наведваць, вывучаць мясцовыя славутасці — як дарослыя, так і дзеці там ходзяць.

Таму заканамерна, што ў Ляскавічах запрацавала школьнае лясніцтва, і Нацыянальны парк яго работу актыўна падтрымлівае. У Капцэвіцкай школе, куды мы едзем, разгортваецца работа. Генеральны дырэктар “Прыпяцкага” Юрый Апановіч — былы выпускнік гэтай школы, чалавек актыўны, неардынарны, моцны гаспадарнік. З яго падачы і запрацавала лясніцтва ў вясковай школе.

Пазней я даведаўся, што Юрый Аляксандравіч за добрасумленную і эфектыўную работу, значны ўклад у развіццё Петрыкаўскага раёна ўшанаваны званнем “Кіраўнік года — 2025”. А своеасаблівым куратарам экалагічнай тэматыкі, якая ва ўстановах адукацыі Петрыкаўшчыны пашыраецца, выступае раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Кіруе ім Надзея Слабадзянюк. Там дзейнічае аддзел экалогіі, праз які атрымаў моцны імпульс для развіцця праект “Зялёная школа” ў 2-й школе Петрыкава, і ў гэты ж бок, заўважае Людміла Жукавец, рухаецца Пціцкая школа. Цяпер актуалізаваны і напрамак “Школьнае лясніцтва”.

Нават у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Петрыкава ёсць такое: там на простых прыкладах юныя вучацца разумець лес, успрымаць яго як важную частку Бацькаўшчыны, спасцігаць законы прыроды.

А ў школах, дзе ўжо створаны ляс­ніцтвы, займаюцца экалагічнай тэматыкай больш глыбока.

— І дзякуй вялікі за гэта шэфам з Нацыянальнага парку! — гаворыць Людміла Жукавец. — Дапамогу адчуваем істотную. Скажам, за кошт сродкаў, якія выдзеліў Петрыкаўскі лясгас, дзецям з да­школьнага цэнтра пашылі прыгожую форму юных леснікоў. Яны і на абласным семінары паказвалі разам з лясгасам сумесную працу. Плюс, я казала, задзейнічаны дзве школы — Ляскавіцкая і Капцэвіцкая, там у дзяцей таксама ёсць адпаведная форма юных сяброў лесу.

Капцэвіцкія агітатары

У школе сустрэлі нас у холе бадзёрай кампазіцыяй на матыў вядомай песні “Я, ты, он, она — вместе целая страна”. Паказвала сябе агітбрыгада школьнага лясніцтва “Зялёны патруль” Капцэвіцкай школы. Дзеці — у прыгожай форме, працавалі зладжана, некаторыя па-вясковаму сціпла, іншыя і з яўным артыстызмам. Галоўны пасыл выступлення — трэба зберагаць нашы лясы, не смеціць там, выконваць правілы пажарнай бяспекі, высадж­ваць новыя дрэвы. Мы даведаліся, што пад мэты школьнага лясніцтва, створанага ў 2024 годзе, адведзена каля 4 гектараў лесу. І што падрастае нова­ўтварэнне пад надзейным крылом Капцэвіцкага лясніцтва і эксперыментальнай лесапаляўнічай гаспадаркі “Ляскавічы” — структурных падраздзяленняў Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”.

У школьным лясніцтве больш за 10 чалавек, пераважна вучні 4—7 класаў. Здавалася б, невялікі атрад, а высадзілі юныя сябры лесу разам з дарослымі амаль 25 тысяч саджанцаў сасны і каля 3 тысяч саджанцаў бярозы. Да таго ж вучні школы разам з жыхарамі пасёлка праводзяць акцыі па ачыстцы прылеглага да паселішча лесу ад смецця, гутаркі з пасялкоўцамі наконт таго, як не дапускаць лясных пажараў. Калі стаіць летам пажаранебяспечнае на­двор’е, то лістоўкі з адпаведным зместам у пасёлку раздаюць.

Аксана Брызіцкая і яе выхаванцы ў святочны дзень

Пасля заканчэння выступлення Ангеліна сказала, што ў будучыні бачыць сябе настаўніцай пачатковых класаў, Ксюша рыхтуецца ў актрысы. Крышку засумняваўся Іван, але яго мама, кіраўнік агітбрыгады “Зялёны патруль” Аксана Брызіцкая, падказала: будзе сын стаматолагам. Яшчэ не вызначыўся з прафесіяй Уладзімір, у якога тата працуе санітарам. Анатолю хочацца стаць настаўнікам геаграфіі, а Мікіта ўпэўнена сказаў: “Атрымаць вадзіцельскае пасведчанне і пайсці ў дальнабойшчыкі!”

Па-рознаму складзецца ў юных лесалюбаў жыццё. Але ж Людміла Жукавец, пачуўшы пра Мікітавы планы, удакладніла: наблізіць мару можна і ў школе. Па жаданні бацькоў за невялікую плату вучні 10—11 класаў вясковых школ раёна могуць праходзіць навучанне, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, у шосты школьны дзень, а гарадскія — і пасля ўрокаў. Ёсць дамоўленасць на вучобу трактарыстаў: яе дасягнулі аддзел адукацыі з Цэнтрам пад­рыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Петрыкаўскага райвыканкама. Так робіцца для ахвочых з Бабуніцкай сярэдняй школы, некаторых іншых: старшакласнікі па суботах займаюцца па 6 гадзін, харчаванне для іх арганізавалі на базе адной з гарадскіх школ. У 11 класе тыя, хто паспяхова прайшоў навучанне, здаў адпаведныя экзамены, атрымліваюць пасведчанне трактарыста і могуць здаць экзамен, каб атрымаць пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля.

Дзеці слухаюць, пагаджаюцца: у наш час такое пасведчанне нікому не будзе лішнім.

Школьнае лясніцтва: імпульс для развіцця

Капцэвічы — адметнае паселішча. Спачатку гэта была вёска з пачатковай школай, за савецкім часам да яе дабавіўся рабочы пасёлак, які бурна развіваўся, а з развалам Савецкага Саюза страціў дынаміку. Пра гэта расказалі дырэктар школы Валерый Такун і згаданая ўжо кіраўнік агітбрыгады яго намеснік Аксана Брызіцкая.

Валерый Пятровіч разумее дэмаграфічныя праблемы ў Капцэвічах, якія ўплываюць і на школу. Колькасць вучняў зменшылася, іх крыху больш за 100, плюс 20 дзетсадаўцаў. Менш стала пераможцаў са школы на спартыўных спабор­ніцтвах…

Асаблівае месца займае школа ў жыцці Аксаны Брызіцкай, бо і жыве яна з сям’ёй у настаўніцкім доміку, які стаіць у школьным двары.

— Бацькі мае былі настаўнікамі, бабуля: Праскоўю Несцераўну Піменаву тут многія памятаюць як настаўніцу пачатковых класаў, — расказала нам Аксана Васілеўна. — Часам думаю, што ўсё ў жыцці невыпадкова. Бо і я прадаўжаю на сваёй пасадзе (хоць, як і бабуля, і мама, нас­таўніца пачатковых класаў) справу таты Васіля Іванавіча Казловіча. Ён быў настаўнікам хіміі і біялогіі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і ў 41 год трагічна загінуў. Мама Яўгенія Андрэеўна, настаўніца пачатковых класаў, вельмі цяжка перажывала трагедыю, сышла ў росквіце сіл — у 48… У нас з мужам трое дзетак: два сыны і старэйшая дачка — ёй 26. Да таго ж маю ўнука Паўліка. Так што ўсё маё жыццё — школа. Сыны да 8 гадзін вечара ў секцыі спартыўнай — і я тут. І дом наш побач.

Па першым часе запісалася ў наша лясніцтва 12 чалавек. Знялі з усіх меркі, форму прыгожую пашылі за кошт шэфаў. Мы правялі ўрачыста і прыгожа залічэнне ў “Зялёны патруль”: на спецыяльным аўтобусе паехалі ў Ляскавічы. Там і падарункі дзецям былі, цікавая экскурсія. Работу разгортваем па розных напрамках. Займаемся акцыямі, наладзілі сувязі з ляс­ніцтвам, нас запрашаюць на патруляванні. Шэфы экскурсіі для нас праводзяць, да таго ж мы ездзім на вучэбныя ўзгаранні: вучымся тушыць лес. Дзецям, бачу, гэта ўсё вельмі цікава.

Цяпер мы робім стэнд у школе, прысвечаны Нацыянальнаму парку “Прыпяцкі”. Будзем разгортвацца, паглыбляцца ў лясную справу, бо ў нас жа і лес тут побач са школай. А ў ім шмат усяго цікавага і рознага: дрэвы, расліны, травы, птушкі, звяры, ягады, грыбы.

У лесе пад мясцовай назвай Воўчая гара выдзелілі нам пад апеку 4 гектары. Дарэчы, там і ляснічы па прозвішчы Волкаў, з якім у нас добры кантакт. Ходзім туды, слухаем-вывучаем лес, смецце прыбіраем, дрэўцы, дзе трэба, падсаджваем. Яшчэ шпакоўні робім у школе, сінічнікі, кармушкі для птушак. Прыязджалі работнікі лясніцтва — прывезлі дошкі, чарцяжы адпаведныя. У нас ёсць цыркулярка, з ёй упраўляецца настаўнік Сяргей Уладзі­міравіч Мароська. Пад яго кіраўніцтвам вучні з нарыхтовак збіраюць ужо самі гэтыя рэчы. Так што нам школьнае лясніцтва дае добры імпульс для ўсебаковага развіцця.

Добрая справа!

Людміла Жукавец, начальнік аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама:

— У нашых планах — ладзіць улетку школьныя лагеры працы і адпачынку з пасадкай лесу. Дзеці там заробяць грошы, плюс добрую справу зробяць. У гадавальніку, што побач з Петрыкавам, пасадкай і праполкай дрэўцаў летам заняты дзеці з лагера працы і адпачынку, які дзейнічае ў 2-й школе. Працаваў і лагер, які ладзілі сумесна Капаткевіцкая сярэдняя школа з мясцовым лясгасам. Дзеці выязджалі ў лес, высаджвалі дрэўцы, потым праполвалі, даглядалі засаджаны ўчастак. Гэта ж вельмі здора­ва, калі табой пасаджаны лес на тваіх вачах сілу набірае!

Сёлета сумесна з лясгасамі будзем паднаўляць лясы. Для гэтага школы заключылі з лясгасамі адпаведныя дагаворы. Звычайна практыка такая: дарослыя і дзеці працуюць у парах. Лункі робяць мячамі Колесава работнікі лясгаса, а дзеці кідаюць саджанцы. Пакуль на масавых пасадках так працуем. Саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай — а гэта пераважна дэкаратыўныя расліны, туі — лясгасы вырошч­ваюць на продаж насельніцтву.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Аксаны Брызіцкай

nastgaz.by

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные