Дзень маці – адно з самых чулых і глыбокіх святаў у календары нашай краіны. Гэта час, калі кожнаму з нас хочацца абняць роднага чалавека, сказаць словы ўдзячнасці і падзяліцца цеплынёй.
Аднак асаблівага клопату ў такія дні патрабуюць тыя, хто ў сілу жыццёвых абставін апынуўся ў складанай сітуацыі і каму штодзень неабходны ўвага і падтрымка.

Менавіта з такой высакароднай і адказнай місіяй у святочны дзень у аграгарадок Навасёлкі накіраваліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько і актывісты раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. Аб’ектам іх увагі сталі палаты сястрынскага догляду мясцовай медыцынскай установы. На сённяшні дзень тут знаходзіцца 29 пацыентаў.
Беларусь – сацыяльная дзяржава, дзе кожны пажылы чалавек ці інвалід знаходзіцца пад надзейнай апекай. Але, як справядліва адзначылі госці, ніякія, нават самыя лепшыя матэрыяльныя ўмовы, не здатны замяніць простага чалавечага слова, шчырага позірку і душэўных зносін. Менавіта жывая ўвага і адчуванне таго, што пра цябе памятаюць, здольны лячыць і саграваць сэрцы старэйшага пакалення.
Парламентарый і актывісткі жаночага руху прыехалі ў Навасёлкі не з пустымі рукамі: для пацыентаў былі падрыхтаваны карысныя падарункі і смачныя салодкія пачастункі, арганізаваць якія дапамог у тым ліку чалавек з вялікім і чулым сэрцам – дырэктар “ЭкаГрынПрам” Віктар Капыловіч. Наш раён вельмі добра ведае Віктара Васільевіча па яго шматлікіх дабрачынных справах: ён ніколі не праходзіць міма чужога болю і заўсёды гатовы падставіць плячо там, дзе патрэбна дапамога.
Сапраўдным незабыўным падарункам для пацыентаў стаў канцэрт ад калектыву Капаткевіцкага ГДК “Лявоніха”. Гэтыя таленавітыя артысты валодаюць унікальным дарам – сваёй творчасцю яны здольны крануць самыя патаемныя струны душы. Іх прыгожыя, пранікнёныя песні і шчырыя ўсмешкі падарылі пажылым людзям хвіліны сапраўднай радасці.
Свята ў Навасёлках стала кругазваротам дабра, таму ніхто з яго ўдзельнікаў не застаўся без увагі. Цёплыя словы ўдзячнасці і падарункі ад гасцей атрымалі і артысты “Лявоніхі”, і, безумоўна, медыцынскія работнікі ўстановы.
Такія сустрэчы ў чарговы раз даказваюць: пакуль мы акружаем клопатам нашых старэйшых землякоў і ўмеем дзякаваць тым, хто працуе на карысць людзей, – наша грамадства будзе заставацца духоўна моцным і адзіным.


Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные