У Дзень маці ў атмасферы цяпла і ўрачыстасці сям’я Аляксандры і Яўгенія Берднік была адзначана ганаровым сімвалам – ”Бацькавай кашуляй”.
Нараджэнне трэцяга дзіцяці – вялікае благаславенне, адказная місія і сапраўдны гонар для ўсёй нашай сінявокай Беларусі. У краіне дзейнічае традыцыя: цяпер у кожнай сям’і, дзе з’яўляецца трэцяе дзіця, будзе захоўвацца бясцэнны падарунак ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – ”Бацькава кашуля”.
Ініцыятарам праекта выступіла Беларуская партыя ”Белая Русь”. Маладая сям’я Берднік – прыклад сапраўднага шчасця, якое будуецца на любові, узаемаразуменні і клопаце. Аляксандра і Яўгеній выхоўваюць траіх цудоўных дзяцей. Старэйшыя сыны – Браніслаў і Расціслаў, радуюць маму і тату сваімі поспехамі, а сёлета ў сям’і на свет з’явілася дачушка Вера.
З віншавальнай прамовай да шматдзетных бацькоў звярнулася старшыня Петрыкаўскага раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі ”Белая Русь” Наталля Ходзька:
– Шчыра вас віншую з нараджэннем трэцяга дзіцяці ў сям’і – грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Глядзець на вашу сям’ю – вялікая радасць. Вы выхоўваеце будучыню нашай краіны, і я жадаю, каб у вашым доме заўсёды гучаў дзіцячы смех, а ў адносінах панавалі гармонія і давер. Няхай ”Бацькава кашуля” стане галоўным абярэгам дома, а куфар напаўняецца новымі шчаслівымі ўспамінамі.
Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем сям’і Берднік дабрабыту, мірнага неба і бясконцага сямейнага шчасця!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.





