Сёння редакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны” стала пляцоўкай для цікавай і грунтоўнай сустрэчы з навучэнцамі сярэдняй школы №1 горада Петрыкава.
Супрацоўнікі «ПН» падрабязна распавялі пра сваю штодзённую працу, пазнаёмілі школьнікаў з работай рэдакцыі, раскрылі сакрэты стварэння матэрыялаў. Асаблівую ўвагу надалі рубрыкам і праектам газеты, паказаўшы, наколькі разнастайнай і насычанай можа быць журналісцкая дзейнасць. Таксама госці даведаліся пра асаблівасці вёрсткі выдання, рабоце сайта і сацыяльных сетак «ПН» .
Галоўная мэта, якую паставілі перад сабой карэспандэнты «раёнкі», – гэта запаліць у сэрцах моладзі цікавасць да прафесіі, каб у будучыні, атрымаўшы неабходныя веды і навыкі, яны змаглі стаць паўнацэннымі спецыялістамі і, што асабліва важна, вярнуліся працаваць на сваю малую радзіму, робячы яе яшчэ больш цікавай і інфармацыйнай.
Але сустрэча не абмежавалася толькі тэарэтычнымі ведамі. У вучняў была ўнікальная магчымасць практычна паспрабаваць сябе ў ролі фотакарэспандэнтаў. У гарадскім парку, пад кіраўніцтвам фотакарэспандэнта, юнакі і дзяўчаты стваралі сапраўды жывыя і эмацыйныя кадры, выбіраючы удалыя ракурсы. Гэта быў сапраўдны майстар-клас, які дазволіў адчуць сябе часткай працэсу стварэння фотарэпартажу.
Напрыканцы сустрэчы, напоўненай цікавымі адкрыццямі і першымі практычнымі крокамі ў журналістыцы, усе ўдзельнікі зрабілі агульнае фота на памяць.
Больш фота: https://vk.ru/album-126546842_312178498














