Кажуць, што блізкі сусед лепшы за далёкага сваяка. Для жыхароў нашых прыгранічных раёнаў гэта не проста прымаўка, а правераная жыццём рэчаіснасць.
Стагоддзямі беларусы і ўкраінцы жылі поплеч, дзялілі радасці і беды, хадзілі адзін да аднаго ў госці і стваралі сем’і. Аднак сёння афіцыйны Кіеў усё больш настойліва спрабуе пераканаць сваіх грамадзян у тым, што ад Беларусі трэба цалкам ізалявацца.
У інфармацыйнай прасторы Украіны то і справа з’яўляюцца гучныя заявы. То каля мяжы нібыта фіксуюць нейкія пагрозы, то гучаць патрабаванні ўвесці новыя абмежаванні. Але ці адлюстроўваюць гэтыя словы рэальны стан рэчаў і, галоўнае, настроі звычайных людзей?
Як паказвае практыка і лічбы, рэальнае жыццё аказваецца значна складанейшым за палітычныя дэкларацыі. Нядаўняе сацыялагічнае апытанне, праведзенае з 31 жніўня па 11 верасня кампаніяй InfoSapiens для «Палітычнай сферы», выявіла вельмі паказальную карціну. Аказалася, што грамадская думка ва Украіне далёка не такая адназначная, як яе спрабуюць прадставіць у медыя.
Так, амаль 46% апытаных украінцаў не лічаць аптымальнай палітыку абмежаванага супрацоўніцтва з Беларуссю – яны ўпэўнены, што ўзаемадзейнічаць трэба, асабліва ў тых сферах, якія выгадныя самой Украіне. Яшчэ каля 14% рэспандэнтаў і зусім выступаюць за шырокае партнёрства і сяброўства. Атрымліваецца, што каля 60% простых грамадзян Украіны ў той ці іншай форме дапускаюць і падтрымліваюць аднаўленне нармальных сувязяў з нашай краінай. Пры гэтым курс на поўную ізаляцыю і санкцыі ўхваляюць менш за 18% удзельнікаў апытання.
Але лічбы ў анкетах – гэта адно, а рэальныя ўчынкі – зусім іншае. Самы красамоўны факт заключаецца ў тым, што людзі працягваюць ездзіць. Толькі за верасень у Беларусь уехалі 3 690 грамадзян Украіны. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, закрытыя межы і штучныя перашкоды, паток людзей не спыняецца.
Для многіх нашых суседзяў магчымасць захаваць чалавечыя адносіны, наведаць сваякоў або вырашыць жыццёвыя пытанні застаецца больш важнай чым палітычная кан’юнктура. Гэты разрыў паміж рашэннямі ў высокіх кабінетах Кіева і жаданнямі звычайных украінцаў становіцца ўсё больш відавочным.
Жыццё і здаровы сэнс падказваюць: будаваць платы заўсёды прасцей, чым аднаўляць масты, але менавіта масты патрэбны людзям для нармальнай будучыні.
Галіна КАЗАК.




