Петрыкаўшчына багатая на таленавітых дзяцей, але як дапамагчы ім раскрыць свой патэнцыял і зрабіць вольны час максімальна карысным і цікавым? На гэтае пытанне мы знайшлі адказ, зазірнуўшы ў раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, дзе праходзілі заняткі аб’яднання па інтарэсах “Майстэрня пражы”.
У цяперашні час занятак ручным вязаннем зноў стаў папулярным сярод падлеткаў. Гэта ўжо не проста рамяство, а творчае самавыяўленне і нават моднае хобі. У TikTok, Instagram і YouTube з’яўляюцца тысячы відэа з хэштэгамі #вязанне, дзе маладыя людзі дзеляцца сваімі творчымі работамі і майстар-класамі.
На занятках “Майстэрня пражы” дзеці таксама “у трэндзе!”. З захапленнем юныя майстры ствараюць сапраўдныя шэдэўры пад чулым кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Дар’і Бяшымавай. Спіцы спяваюць сваю мелодыю, а ніткі ператвараюцца ў яркія ўзоры.
– Заняткі наведваюць дзве групы навучэнцаў, якія праходзяць на базе раённага цэнтра турызму і краязнаўства, – распавядае Дар’я Алегаўна. – Атмасфера ў нас вельмі ўтульная, сяброўская і, вядома ж, надзвычай творчая. Мы вучымся вязаць самыя розныя рэчы: ад цёплых шалікаў і мілых цацак, да стыльных аксесуараў і нават першых світароў, – рэзюмуе педагог. Зараз, напрыклад, хлопчыкі вяжуць геаметрычныя фігуркі, цёплыя мітэнкі, цацкі. Дзяўчынкі ж актыўна рыхтуюцца да Новага года і ствараюць елачныя ўпрыгожванні, фігуркі казачных персанажаў.
Акрамя таго, Дар’я Алегаўна падкрэсліла важнасць індывідуальнага падыходу:
– Заняткі хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць групамі, што дазваляе прысвяціць увагу кожнаму дзіцяці, дапамагчы яму справіцца з цяжкасцямі і раскрыць творчыя здольнасці. Акрамя таго, праца ў аб’яднанні спрыяе развіццю дробнай маторыкі, уважлівасці, цярпенню і ўменню даводзіць пачатае да канца.

Здавалася б, вязанне – гэта занятак, які больш падабаецца дзяўчынкам. Аднак, як адзначыла педагог, на занятках з задавальненнем прысутнічаюць і хлопчыкі – Дамір і Уладзіслаў (на фота).
– І хачу сказаць, у іх гэта выдатна атрымліваецца! – з усмешкай дадае Дар’я Алегаўна. – Яны з энтузіязмам асвойваюць тэхніку вязання і ствараюць не менш цудоўныя рэчы, чым дзяўчаты.
Карыстаючыся выпадкам рабяты з гонарам прадставілі мне свае работы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі асвойваюць карыснае рамяство, але і знаходзяць у ім крыніцу натхнення, радасці і магчымасць парадаваць блізкіх.
Марыя Тамко,
фота аўтара.





