Злачынства без тэрміну даўнасці

0
214

Злачынства без тэрміну даўнасціСпецыяльна створаныя групы па расследаванні фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны другі год працуюць па ўсёй краіне. Не прыпыняе работу па пошуку новых фактаў і пракуратура Петрыкаўскага раёна.

Наша сустрэча з пракурорам раёна Сяргеем Таболічам – гэта размова пра чарговыя выяўленыя факты злачынстваў фашысцкіх агрэсараў на тэрыторыі Петрыкаўшчыны.

Як паведаміў Сяргей Уладзіміравіч, супрацоўнікамі пракуратуры праведзена грунтоўная работа па вывучэнні і даследаванні матэрыялаў акта надзвычайнай дзяржаўнай камісіі пра ўчыненне нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі злачынстваў на тэрыторыі Беседскага і Камаровіцкага сельсаветаў.

– Адзін з накірункаў нашых аналітычна-пошукавых мерапрыемстваў – гэта работа з архіўнымі матэрыяламі. Сведкі сыходзяць, таму менавіта архіўныя дакументы нясуць нам страшную праўду і прызваны дапамагчы ўзнавіць справядлівасць у дачыненні да злачынцаў і іх ахвяр, – пазначыў у час размовы Сяргей Уладзіміравіч. – Думаю, жыхарам раёна карысна будзе пазнаёміцца з актам надзвычайнай дзяржаўнай камісіі.

Далей – сухою моваю афіцыйнага дакумента.
У верасні 1941 года нямецка-фашысцкія захопнікі арыштавалі жыхароў вёскі Беседкі, лепшых калгаснікаў сельскагаспадарчай арцелі імя Варашылава: Паўла і Міхаіла Дашкевічаў, Івана і Аляксандра Шэўкаў, Міхаіла Кутько, Антона Вяраксіча і, збіваючы палкамі, павялі іх за тэрыторыю вёскі, дзе расстралялі. Пры раскопцы трупаў устаноўлена, што ў мужчын былі зламаны рукі, тупымі прадметамі разбіты чэрапы.
У лютым 1942 года немцамі быў схоплены Павел Ермаловіч, які падазраваўся ў сувязі з партызанамі. Пасля катаванняў ён быў павешаны ў вёсцы Мышанка.
Летам 1943 года немцы схапілі ў вёсцы Старыя Кацуры 26 мясцовых жыхароў, якіх пасля жорсткіх катаванняў там жа расстралялі.
У сакавіку 1943 года нямецкая карная экспедыцыя наляцела на вёскі Заполле, Камаровічы і Боркі. Там карнікі схапілі 42 мясцовых жыхароў, якія не паспелі схавацца ў лесе. З іх адабралі 23 чалавекі, пераважна старых і дзяцей, загналі ў адзін дом у вёсцы Заполле, аблілі бензінам і спалілі ўсіх жыўцом. Астатніх жыхароў падганялі да студняў, заколвалі штыкамі і туды ж кідалі.
У гэтым жа месяцы немцы зрабілі налёт на вёску Фаставічы, дзе схапілі 19 чалавек, з якіх 15 адразу ж расстралялі. Жыхарку вёскі Анастасію Куратаву з чатырма маленькімі дзецьмі спалілі жыўцом у яе ж доме.
У канцы лютага 1944 года нямецкі батальён зрабіў аблаву ва ўрочышчы “Дворышча”, дзе хавалася насельніцтва з вёсак Камаровічы і Заполле. Імі было злоўлена 30 мірных жыхароў, з якіх 15 чалавек (старых і дзяцей) расстралялі на месцы, а астатніх адправілі на катаргу ў Германію.
– На Петрыкаўшчыне за апошнія два гады па расследаванні фактаў генацыду беларускага народа зроблена шмат, аднак, як паказвае кожны новы выяўлены факт, вывучаны факумент, апытаны сведка, маштаб трагедыі быў намнога большы. Менавіта таму праз столькі гадоў мы зноў вяртаемся да гэтай тэмы. Да таго ж, сёння жадаючых перайначыць гісторыю хапае, аднак дапусціць гэтага нельга, – дадаў у завяршэнні размовы Сяргей Таболіч.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о