Два дні раённы цэнтр гудзеў мерыпрыемствамі для аматараў здаровага ладу жыцця, народных абрадаў, мастацтва, адпачынку і турызму.
Першае, што кідалася ў вочы госцю ці ўдзельніку фестывалю: усе мерапрыемствы накіраваны на маладое пакаленне. Думка “Прывучаем да спорту з дзяцінства” прайшла чырвонай ніткай праз усе спаборніцтвы, якія былі арганізаваны на “Вытоках”. Асабліва быў насычаны другі дзень фестывалю: ён пачаўся яркай цырымоніяй адкрыцця свята. Яе акордам стаў лёгкаатлетычны забег на 500 метраў, удзельнікамі якога сталі дзеці. На старт выйшлі амаль 500 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Затым для ўсіх жадаючых хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 14 гадоў стартаваў алімпійскі квэст. Дзеці змаглі паспрабаваць свае сілы ў конкурсных спаборніцтвах па розных відах спорту. На лакацыях былі падрыхтаваны заданні, выконваючы якія, юнакі і дзяўчаты атрымлівалі спецыяльную адзнаку ў карту, якая выдавалася пры ўваходзе.
Спартыўныя пляцоўкі фестывалю былі арганізаваны па больш чым 25 відах спорту: барацьба грэка-рымская, бокс, летні біятлон, веласпорт, валейбол, баскетбол, лёгкая атлетыка і шмат іншых.
Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка ўручыў сертыфікат на 100 тысяч рублёў на развіццё спартыўнай базы адміністрацыі горада. Вось ужо тры гады запар Жлобінскі раён уваходзіць у тройку лідараў Рэспубліканскага конкурсу на лепшую фізкультурна-аздараўленчую і спартыўна-масавую работу. Фізкультурай займаецца кожны чацвёрты жыхар раёна.
Зразумела, што фестываль наведала і дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.
“Гэта праўда вырабы ручной працы?”, – здзіўляліся госці фестывалю “Вытокі”, разглядаючы тварэнні падапечных Петрыкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Хапала жадаючых зрабіць фота на памяць ля пудзіла ваўка, зробленага сіламі Петрыкаўскага лясгаса. Нельга было проста так прайсці міма шэдэўраў Дома рамёстваў і нічога не набыць. Здаецца, тут было ўсё: ад яркіх бралкоў да лялек ручной работы. З задавальненнем дэгусціравалі госці мінеральную ваду, прывезеную з крыніцы ДРАЦ “Пціч”.
У гэты час на іншым канцы плошчы Металургаў вучні сярэдняй школы № 1 горада Петрыкава пад назвай “Петрыкаўскія лісы” прымалі ўдзел у фінале абласнога этапу новага інтэлектуальна-адукацыйнага праекта “Вытокi. Quiz”.
У конкурсе спаборнічалі каманды з кожнага раёна Гомельскай вобласці. Так, нашай камандзе не хапіла некалькіх балаў да прызавога месца, але спартыўныя веды алімпіяднага руху ў Беларусі яны паказалі на высокім узроўні.
Далей у рамках праграмы прайшлі прэзентацыя калекцый адзення “Роднае-моднае” беларускіх прадпрыемстваў і новы вакальны конкурс маладых выканаўцаў “Вершы пра галоўнае”.
У завяршэнні фестывалю прайшоў гала-канцэрт з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады, фінішам “Вытокаў” стаў святочны салют і маладзёжная дыскатэка.
Жлобін сапраўды з’яўляецца прыкладам для пераймання. Спадзяёмся, што эстафету любові да спорту ў такім маштабе падхопяць і іншыя гарады і малыя населеныя пункты нашай Гомельшчыны.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий