У трэцюю нядзелю чэрвеня штогод усе медыкі Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень медыцынскіх работнікаў. З гэтай нагоды мы завіталі ў Капаткевіцкую гарпасялковую бальніцу і сустрэліся з урачом агульнай практыкі Тэрэсай Віктараўнай Шчаўлік, якая шчыра адданая гэтай прафесіі вось ужо 40 гадоў.

У чаканні сустрэчы з Тэрэсай Віктараўнай я паспела пагутарыць з пацыентамі, якія прыйшлі на прыём да ўрача і без ценю сумненняў у адзін голас заявілі, што такіх урачоў трэба пашукаць. І жыхарам гарадскога пасёлка вельмі пашанцавала, што на іх тэрыторыі столькі гадоў працуе высокапрафесійны спецыяліст. Для многіх з іх Тэрэса Віктараўна стала проста родным чалавекам, якая і ў дождж, і ў снег, не лічачыся з асабістым часам, заўсёды прыйдзе і кваліфікавана акажа медыцынскую дапамогу.
Шмат гадоў таму па размеркаванні Тэрэса прыехала ў Капаткевічы маладым спецыялістам і лічыць, што гэты пераезд – падарунак лёсу.
– Родам я з горада Ліды, скончыўшы школу, паступіла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. З дзяцінства ў маёй сям’і прывівалася любоў да людзей, мне заўсёды хацелася чымсьці дапамагчы. Не магу сказаць, што я лячыла лялек, у большай ступені тут адыгралі, вядома, ролю мае бацькі, – распавядае Тэрэса Віктараўна. Таму пры выбары прафесіі не стаяла пытанне куды паступаць. Вучылася я добра, таму здавала толькі адзін профільны на той момант экзамен па фізіцы. Здала на выдатна і была залічана на першы курс. Пасля таго, як скончыла інстытут, была накіравана ў Гомельскую вобласць, у горад Рэчыцу. У 1986 годзе працавала і вучылася ў інтэрнатуры пад чулым кіраўніцтвам настаўнікаў, здала экзамен у Гомелі , а пасля інтэрнатуры было пераразмеркаванне, пасля чаго я і трапіла ў Петрыкаўскі раён, у гарадскі пасёлак Капаткевічы.
– Прынялі мяне вельмі добра, з распасцёртымі абдымкамі. Калектыў выдатны, на той момант ужо было сем дактароў і я прыехала восьмым. У той час у бальніцы было 80 ложкаў, цяжка было, але ўсё паспявалі. Я працавала тэрапеўтам. У 1993 годзе перайшлі ў новы будынак і праз год я стала галоўным урачом бальніцы і доўгі час працавала на гэтай пасадзе, – успамінае суразмоўца.
– Вядома былі прапановы з’ехаць у вялікі горад, але я усёй душой палюбіла гэта месца.
Урач з чулым сэрцам, лячыць людзей – гэта пакліканне Тэрэсы Віктараўны. Ды і жаночы лёс яе шчаслівы. У іх з мужам двое выдатных дарослых сыноў. Старэйшы сын Дзяніс, начальнік пажарнай станцыі ў Мазыры, малодшы Максім – вядучы інжынер прадпрыемства “Беларуснафта”. Дарэчы, цікавы факт сям’і Шчаўлік: абедзве нявесткі Тэрэсы Віктараўны, таксама медыкі. Яна шчаслівая бабуля траіх унукаў: Уладзіслава, Арцёма і Ксеніі. Сёлета з мужам Вячаславам Пятровічам яны адзначаць 40 гадоў сумеснага жыцця.
Вяртаючыся да прафесіі, з выхадам на пенсію ў цяперашні час, як і шмат гадоў таму, урач агульнай практыкі Тэрэса Віктараўна працуе з высокай самааддачай.
– Вельмі люблю сваю працу, хоць яна, вядома, цяжкая ў тым плане, што людзі прыходзяць да цябе не пагаварыць, яны ідуць за дапамогай. Балюча бачыць па абследаваннях і аналізах чалавека, у якога цяжкі дыягназ. Яшчэ цяжэй – сказаць гэта чалавеку. Прапускаю ўсё праз сябе. Вельмі хочацца дапамагчы і падтрымаць. У пасёлку ўсе знаёмыя і родныя людзі.
Акрамя працы Тэрэса Віктараўна любіць падарожнічаць, але ўжо не так часта. Адна з сясцёр Данута Віктараўна (у гераіні майго артыкула тры родныя сястры: Ліда, Галіна і Данута) жыве ў Латвіі, яна таксама медык, працуе медсястрой, раней часта ездзілі да яе ў госці. Нязменная традыцыя маёй гераіні – раз у пяць гадоў збірацца курсам, дзяліцца вопытам і дасягненнямі.
– У нас ёсць група ў сацыяльных сетках, дзе мы дасылаем адзін аднаму фатаграфіі, на жаль, многіх ужо няма з намі, двое ваеннымі ўрачамі загінулі ў Афганістане. Апошняя наша сустрэча была ў інстытуце, не перадаць словамі мае пачуцці, – з захапленнем дзеліцца ўрач, – на працягу ўсёй сустрэчы на экране былі нашы фота, дзе мы маладымі праходзім практыку, разам на бульбе, на вучобе, на мерапрыемствах – гэта быў вельмі кранальны момант.
Гераіня артыкула прызнаецца: вельмі прыемна працаваць з маладым кіраўніцтвам Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Адукаваныя, актыўныя, гляджу і думаю: адкуль жа ў іх столькі энергіі? Ведаеце, ёсць з каго браць прыклад і за кім цягнуцца.
У медыцынскай практыцы Тэрэсы Віктараўны ёсць выпадкі тэрміновага выратавання людзей, дзе кошт жыцця чалавека ішоў на хвіліны. Адін з іх запомніўся асабліва – маладога хлопца з алергіяй на пчол укусіў чмель, пасля чаго здарыўся імгненны ацёк квінкі.
– Як цяпер памятаю: паступаў хворы, прывезлі хутка з месца працы. У гэты момант я ішла з абеду, гляджу, цэлы натоўп мужчын, я кінула ўсе рэчы, дзейнічалі вельмі аператыўна, тут жа паставілі паветравод і кропельніцу – маладога чалавека выратавалі. Пасля гэтага выпадку не было ніводнага дня, каб маці хлопца і сам малады чалавек не дзякавалі. Пасля такіх момантаў у жыцці, разумееш: усё нездарма.
Прызначэнне і пакліканне сапраўдных медыцынскіх работнікаў – дарыць людзям здароўе. Ад бед і нягод нас ратуюць іх чулыя сэрцы і ўмелыя, добрыя рукі.
Жадаем усім, хто выконвае высакародную місію лячыць людзей – добрых пераменаў, моцнага здароўя, сардэчнага цяпла і радасці ў жыцці!

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о