Мы сустрэліся з Першым сакратаром грамадскага аб’яднання “БРСМ” Васілінай Маславай, каб даведацца пра вынікі дзейнасці маладзёжнай суполкі.

З 20-годдзем, БРСМ! 6 верасня Беларуская Рэспубліканская Маладзёжная  Арганізацыя адзначыла 20-годдзе з дня заснавання.  Віншуем усіх яе лідараў і актывістаў!

– Дзень нараджэння – нагода ўспомніць добрыя справы. Чым жыла арганізацыя гэтыя 20 гадоў?
– Стварэннем умоў для ўсебаковага развіцця моладзі, раскрыцця творчага патэнцыялу, патрыятычных і духоўна-маральных каштоўнасцей. Раённая арганізацыя актыўна ўключана ў работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі. У нашай спадчыне багата традыцый, якія мы павінны зберагчы. У гэтым дапамагае Усебеларуская акцыя “За любімую Беларусь!”.
У рамках акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” праходзяць адкрытыя дыялогі, віктарыны, круглыя сталы, а асноўным мерапрыемствам акцыі з’яўляецца ўрачыстае ўручэнне пашпартаў.
Асабліва хачу адзначыць дзейнасць маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць сумесна з органамі ўнутраных спраў.
Арганізуецца часовая працоўная занятасць моладзі ў вольны ад вучобы час. Гэтым летам такіх атрадаў было створана 9, у складзе іх было ўладкавана 116 чалавек, з іх 107 чалавек ва ўзросце да 18 гадоў. Кожнаму атраду было прысвоена імя героя Савецкага Саюза. План па працаўладкаванні на сённяшні дзень перавыкананы на 106%.
Таксама не пакідаем без увагі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы і якія ўпершыню ідуць у школу. Для іх мы праводзім дабрачынную акцыю “У школу з Добрым Сэрцам”.
– Якія мерапрыемствы запланаваны на бліжэйшы час?
– У верасні ў нас практычна кожны тыдзень будзе стартаваць новы праект. У планах правядзенне конкурсу сярод вучаніц 9-11 класаў “Міс Восень”.
– Сучасная моладзь зусім іншая, больш мабільная. Якія новыя формы работы з падрастаючым пакаленнем выкарыстоўваюцца сёння?
– У нас адна з самых буйных груп у сацыяльнай сетцы “УКантакце”, мы актыўна развіваем розныя праекты ў Instagram. І праз усё гэта адчуваем і бачым сучасную моладзь. Мы максімальна адкрытыя. Абсалютна кожны можа ўнесці сваю прапанову або праект, мы абавязкова яго вывучым і пастараемся падтрымаць. Безумоўна, БРСМ імкнецца быць подыхам моладзі.
Арганізацыя актыўна ўзаемадзейнічае з органамі выканаўчай і заканадаўчай улады, і нам тут важна быць сувязным звяном паміж адміністрацыяй і маладымі людзьмі.
– У вашай арганізацыі з кожным годам набірае абароты валанцёрскі рух. Раскажыце падрабязней пра гэты напрамак.
– Умець зарабіць і працаваць бязвыплатна – узаемадапаўняльныя паняцці. Хачу адзначыць, што ў нас не толькі валанцёрства набірае абароты, а і падтрымка маладзёжнага прадпрымальніцтва. Сёння многія першакурснікі ўжо маюць уласную справу, у мой час, скажам, такога не было.
Нашы актывісты гатовы дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу. Кожны год мы дапамагаем сотням хлопчыкам і дзяўчынкам, якія апынуліся ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Гэта такія праекты як “Цуды на Каляды”, дабрачынны марафон “Усе фарбы жыцця для цябе”. Для маладога чалавека вельмі важна захоўваць у сабе часцінку дабра. Нездарма наш рух завецца “Добрае сэрца”.
За кожнай першаснай арганізацыяй замацаваны ветэраны, якім моладзь аказвае дапамогу, падтрымку, віншуе са святамі, таксама замацаваны помнікі і памятныя мясціны, дзе яны забяспечваюць догляд і чысціню. Прахо-дзяць у раёне такія акцыі як “Салдат Перамогі”, эстафета памяці “Беларусь памятае”, акцыя “#ЗаДело”, “Кветкі Вялікай Перамогі”. Працоўныя акцыі: “Чысты лес”, “Чысты двор”. Штогод у акцыях прымае ўдзел каля 50 актывістаў з валанцёрскіх атрадаў.
– Вы, як кіраўнік арганізацыі, каго хочаце бачыць у сваіх радах?
– Неабыякавую, адважную, крэатыўную моладзь. Мы чакаем у камандзе БРСМ яркіх людзей, гатовых нешта змяняць, паляпшаць вакол сябе, бо яны любяць сваю краіну. Разам мы шмат зможам зрабіць для будучыні Беларусі.
– Асноўная крыніца вашага натхнення?
– Канешне, гэта нашы актывісты і іх ініцыятывы. Калі адчуваеш зваротную сувязь ад нашай моладзі, бачыш іх “гарачыя вочы” – гэта натхняе на новыя справы.

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о