Яна лечыць тых, хто не скажа “дзякуй”

0
127

Яна лечыць тых, хто не скажа “дзякуй”

Штогод у апошнюю суботу красавіка ў многіх краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень ветэрынарнага ўрача. Сёння мы раскажам гісторыю маладога спецыяліста, ветырынарнага ўрача, якая прыехала да нас на Петрыкаўшчыну. Цікавасць да прафесіі ў гераіні пачалася з дзіцячага захаплення прыродай і перарасла ў сур’ёзную навуковую працу. Знаёмцеся, вядучы ветэрынарны ўрач аддзела таксікалогіі і біяхіміі – Анастасія Саладоўнікава.

Гераіня майго артыкула нарадзілася ў горадзе Віцебску, скончыла гімназію № 3 імя А.С. Пушкіна. У час навучання ў гімназіі займалася навуковай работай па біялогіі, заняла першае месца на Міжнародным фестывалі-конкурсе “Youth Techno Art” ва Узбекістане з навуковай работай на тэму «Аб распаўсюджванні чужародных відаў роду Otiothynchys German, 1822” (Coleoptera, Curculionidae: Entimina), трэцяе месца на ХХХ рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ, напісала некалькі ўласных артыкулаў, была ўладальніцай стыпендыі спецыяльнага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля акадэміі па размеркаванні прыехала на Петрыкаўшчыну.
– Петрыкаў – вельмі ўтульны горад, людзі добрыя, а якая прыгожая прырода, рака Прыпяць, – са шчырай усмешкай пачынае аповед Анастасія.
Прафесія па закліку сэрца.
З дзяцінства мая гераіня глядзела розныя праграмы пра прыроду і жывёл: Animal Planet, National Geographic, дзе знаёмілася, як робяць аперацыі, дапамагаюць жывёлам. Тады і зразумела, што хоча дапамагаць у будучым “сябрам нашым меншым”. Тым больш – тата – заолаг і таму ўсё жыццё дзяўчына была акружаная жывёламі.
–У мяне ёсць з каго браць прыклад. Мая маці – Святлана Уладзіміраўна, старшы выкладчык кафедры шпітальнай тэрапіі і кардыялогіі з курсам ФПК і ПК Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Тата – Ігар Альбертавіч – дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной біялогіі ВДУ П.М. Машэрава. Сястра Вольга – старэйшы выкладчык кафедры анкалогіі і прамянёвай тэрапіі з курсам ФПК ВДМУ. Мы вельмі любім падарожнічаць. Кожны год з сям’ёй едзем у горы на Каўказ, начуем у палатках, паднімаемся на вяршыні. Таксама я люблю фатаграфаваць прыроду і жывёл,– распавяла суразмоўца.
Лепшы прэпарат – увага.
– Я вядучы ветэрынарны ўрач аддзела таксікалогіі і біяхіміі, дзе даследуем кармы: сілас, сянаж, сена, камбікорм, збожжа. На розныя паказчыкі: нітраты, сухое рэчыва, кіслотнасць, алейную кіслату, малочную кіслату, воцат. Таксама даследуем кроў ад цялят, цёлак, кароў, быкоў, свіней (на бялок, імунаглабуліны, кальцый, рэзервовую шчолач), даследуем малако на кіслотнасць, ацэтонавыя целы. Ветэрынарыя – рознабаковая і вельмі цікавая сфера, – упэўнена гераіня. – Яна не складаецца толькі з аднаго кірунку. Канешне, ёсць складанасці. Тым не менш сваю справу трэба любіць. Бо, пакуль ты яе не палюбіш, выніку не атрымаецца. Перад тым як выбраць прафесію ветэрынарнага ўрача, трэба дакладна зразумець, ці зможаш ты працаваць у гэтай сферы. Усе любяць смачнае малако, тварог і смятану. А нехта ж павінен сачыць за тым, каб гэтая прадукцыя была якаснай, – распавядае дзяўчына.
Анастасія вельмі цёпла адклікаецца пра сваіх калег, кажа, што ў ветстанцыі не могуць працаваць абыякавыя і чэрствыя людзі. “Калектыў у нас добры, усе прынялі мяне з цеплынёй”,– дзеліцца ўрач.
– Сваім калегам у прафесійнае свята я хачу пажадаць вядома ж, здароўя і дабрабыту, у тым ліку іх сем’ям і іх блізкім людзям, бо чым спакайнейшая ў нас абстаноўка ў асабістым жыцці, тым больш сіл у нас застаецца на нашу працу. Ну а ў плане працы – спакойных, добразычлівых, ласкавых пацыентаў, прафесійнага росту і сіл – як душэўных, так і фізічных.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о