Дні памяці хрысціянскіх святых, як правіла, дні заканчэння іх зямнога жыцця. Сярод іх выключнае месца займае дзень расстання з жыццём Дзевы Марыі – свята Успення Прасвятой Багародзіцы. Адсюль і дваякая танальнасць свята: зразумелы чалавечы смутак спалучаецца з радаснай упэўненасцю ў тым, што смерці як знішчэння і небыцця проста не існуе. На гэта ўказвае і славянская назва: “Успенне” – гэта проста “сон”, за якім ідзе абуджэнне і слава.

Выключнае месца сярод хрысціянскіх  свят займае дзень расстання з жыццём Дзевы МарыіПра зямное жыццё Дзевы Марыі вядома мала: кананічныя Евангеллі гавораць пра Яе толькі ў сувязі з Яе Сынам.

Пасля крыжовай смерці Ісуса Хрыста Усячыстая Яго Маці каля пятнаццаці гадоў жыла ў Іерусаліме, у доме святога апостала Іаана Багаслова, якому даручыў Яе Сам Гасподзь з Крыжа. Калі наблізіўся час перасяліцца ў нябесную абіцель Сына Свайго, Маці Божая малілася на гары Аліўнай, і Ёй, паводле падання, з’явіўся Арханёл Гаўрыіл. Ён прынёс фінікавую галінку, і паведаміў пра Яе скон праз тры дні. Прасвятая Багародзіца ўзрадавалася, пачуўшы такую вестку, і пачала рыхтавацца.
Да дня Яе прадстаўлення, па загадзе Божым, цудоўна з’явіліся ў Іерусалім, акрамя апостала Тамаша, усе апосталы, рассеяныя для пропаведзі па ўсім свеце. Яны былі сведкамі Яе мірнага і блажэннага скону. Сам Гасподзь Ісус Хрыстос, у славе нябеснай, акружаны мноствам анёлаў, з’явіўся прыняць душу Усячыстай Маці Сваёй і са славай узнёс Яе на неба. Так скончыла зямное жыццё Сваю Найсвяцейшая Дзева Марыя!
Сёння мы ўсё прывыклі да Яе славы, Яе магутнасці, Яе неспасціжнай для чалавечага розуму любові. Мы так прывыклі прасіць і атрымліваць ад Яе ўсё, аб чым просім, што забываем пра Яе як пра жывога чалавека. Забываем, што Яе цяперашняя слава і Боская магутнасць – гэта плён Яе зямнога жыцця. Гэтыя плады нарадзіліся жывой верай Найсвяцейшай Дзевы, Яе Чароўнай любоўю, пакорай і пакутай –- пакутніцтвам усяго жыцця. Яе Крыж, на які Яна ўзыходзіла паступова, усё жыццё, штодня да Галгофскіх пакут Яе Сына, узнёс Найсвяцейшую Дзеву Марыю ў славе на неба. А подзвіг Яе служэння як маці і малітвы за род чалавечы, які вечна мае патрэбу ў дапамозе, працягваецца і пасля Яе Успення.
Найсвяцейшая ўсіх святых – Божая Маці – заснула сном зямлі, але як была жывой да самых глыбінь Сваёй натуры, так і засталася Яна жывой: жывой душою, якая ўзнеслася да трона Божага, жывой і ўваскрослым целам Сваім, якое Яна чакае цяпер і моліцца за нас.
Яна – Крыніца жыцця, Жываносная Крыніца, як называе Яе Царква, пакідае нам адну толькі запаведзь і адзін дзівосны прыклад. Запаведзь – гэта тыя словы, якія Яна сказала слугам у Кане Галілейскай: “Што б ні сказаў Хрыстос – тое выканайце…” Гэтую запаведзь Яна пакідае кожнаму з нас. І Яна пакінула нам прыклад. Пра Яе гаворыцца ў Евангеллі, што кожнае слова пра Хрыста і, вядома, кожнае слова Хрыстова Яна складала ў Сваё сэрца як скарб, як самае каштоўнае, што ў Яе было…
Мы ўсе ведаем, што галоўная мэта жыцця чалавека – злучэнне з Богам, абагаўленне. Але перш чым абажыцца, трэба хаця б ачалавечыцца. Адарвацца ад погляду на сябе любімага і паглядзець, што побач заўсёды ёсць нехта, які мае патрэбу ў нашай падтрымцы, нашай усмешцы, нашай маленькай дапамозе. І гэтая дапамога не заўсёды выяўляецца ў канкрэтных дзеяннях ці нейкіх парадах. Проста трэба быць побач. Быць побач і маліцца за чалавека. Мы ўсе вельмі розныя як палявыя кветкі на лясной паляне. Але, нягледзячы на нашы адрозненні, усе мы падобныя адзін да аднаго ў адным – мы вандроўнікі ў гэтым свеце. Кожны з нас некалі скончыць сваю зямную ніву, свой часовы зямны марафон і кожны ўбачыць аголены твар смерці. Але для хрысціяніна смерць павінна стаць перамогай. Смерць павінна нам адчыніць дзверы ў радасць вечнага жыцця з Хрыстом. Пра гэта нагадвае нам Свята Унебаўзяцця Божай Маці!
Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о