Вялікі дар свабоды

0
147

Вялікі дар свабодыБлагавешчанне – адзін з пераломных момантаў і ключавых святаў года, якія адкрываюць цёплы сезон, прадвеснік абуджэння прыроды і надзеі на выратаванне чалавецтва сынам Божым. У гэты дзень Марыя атрымала вестку, што ўжо вельмі хутка стане маці Ісуса Хрыста, будучага Збавіцеля.

Бог стварыў цуд, якога ніколі не было ў мінулыя стагоддзі і ніколі не будзе ў будучыя – сыходжанне Бога да людзей, самае вялікае праяўленне Божай любові, самая радасная вестка! А аповесць гэтая пачынаецца з анёла і Дзевы, з гутаркі паміж чысцінёю нябеснаю і чысцінёю зямною. Арханёл Гаўрыіл – першы дабравеснік выратавання роду чалавечага. Прачыстая Дзева Марыя першая пачула гэтае абвяшчэнне і першая з чалавечых істот адчула страх і радасць з гэтай нагоды. Пад Яе сэрцам павінен аблачыцца ў плоць Гасподзь, Творца новага і Абнавіцель старога свету. Як магла Яна змясціць гэта ў Сябе? Калі пакаленні людзей выдаткавалі вялікую колькасць сіл, каб зразумець таямніцу Богачалавецтва? Калі нават у самой Царкве на працягу многіх стагоддзяў узнікалі цэлыя ерэтычныя рухі, няздольныя зразумець таямніцу Богачалавецтва? Яна прыняла гэтую таямніцу. Прыняла і зразумела, перш за ўсё, сваім чыстым сэрцам. Гэта вельмі важны аспект Благавешчання. Гэты глыбокі давер Богу з боку чалавека, з боку чалавечага роду, які ўвасобіўся тады ў Марыі, з’явіўся залогам таго, што Хрыстос, які прыйшоў у гэты свет, быў прыняты, быў пазнаны, быў у стане знайсці Сабе вучняў і паслядоўнікаў. Чалавецтва ў той час ужо было здольна прыняць Добрую вестку, здольна было прыняць Богаўвасабленне! У гэтым і заключаўся галоўны сэнс Благавешчання. У асобе Найсвяцейшай Дзевы Марыі чалавецтва адказала Богу на Яго заклік свядома і пакорліва. Добрую вестку цяжка прыняць, яшчэ цяжэй абвяшчаць яе свету, але, можа быць, самае цяжкае заключаецца ў тым, каб, прыняўшы вестку, абвяшчаючы яе на працягу ўсяго свайго жыцця, заставацца ёй верным. Заставацца верным Богу, каб гэтыя словы Найсвяцейшай Багародзіцы, у якіх Яна абвясціла пра Сваю гатоўнасць быць з Богам і служыць Богу, былі самымі галоўнымі для кожнага з нас.

Мы ведаем, якое велічнае і, разам з тым, цяжкае было жыццё Найсвяцейшай Багародзіцы. Мы ведаем, якую велізарную меру пакут Ёй прыйшлося перажыць у гэтым жыцці. Ніхто не пакутаваў так, як яна. У Благавешчанні Прасвятой Багародзіцы ўтоена таямніца пакланення Крыжу Хрыстову. У Благавешчанні – усе нашы святы. Усё вырастае і расквітае з Благавешчання. У ім – Раство Хрыстова, у ім – Крыж і Уваскрэсенне.

Будзем жа ўдзячны Найсвяцейшай Багародзіцы за тое, што сярод нас знайшлося такое Тварэнне, праз Каго Бог выратаваў усіх нас. Будзем жа дзякаваць Ёй за тое, што Яна здзейсніла ў гэты дзень – вымавіла словы, праз якія тварэнне ўспрыняла Творцу як свайго Збавіцеля шляхам увасаблення.

Святлана Тарасевіч.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о