Упэўнена, са мной пагодзяцца гараджане: райцэнтр з года ў год прыгажэе і прайсціся па яго вуліцах – адно задавальненне. Цешыць вочы многае: зялёныя насаджэнні, роўнае тратуарнае пакрыццё, новая дэкаратыўная агароджа ўздоўж дарогі – пасля маштабнага добраўпарадкавання горад набыў рэспектабельны выгляд. Цікавасць прыцягваюць і будынкі: у пераднавагоднія дні на вокнах арганізацый і прадпрыемстваў з’яўляюцца навагоднія “гісторыі”, а на фасадах – рознакаляровыя агеньчыкі.
На днях звярнула ўвагу на непрывабны факт, які тычыцца камерцыйнага аб’екта па рамонце камп’ютарнай і мабільнай тэхнікі, размешчанага ў будынку мясцовага КБА. Гаворка ідзе пра вывешаны на дзвярах расклад працы. Размешчаны ў файле папяровы ліст прамок, чарніла ў шматлікіх месцах размыліся, побач віднеюцца палоскі раней выкарыстанага і ўжо з прыкметамі бруду, скотчу. Такі неахайны выгляд падачы інфармацыі не робіць гонару аб’екту, які часта наведваецца жыхарамі. Дарэчы, майстэрня карыстаецца добрай славай сярод людзей: даступны кошт, хуткасць і якасць у працы. Не хацелася б, каб стоячы ля раскладу і робячы спробы “зразумець” напісанае, у землякоў складвалася іншае меркаванне пра дадзеныя паслугі. Рашэнне сітуацыі простае і не патрабуе вялікіх выдаткаў. На мой погляд, сёння можна набыць для такіх патрэб сучасную шыльду. Гэта дазволіць не толькі парадаваць кліентаў, але і ўпрыгожыць цэнтр горада, які, з дня на дзень пагрузіцца ў навагоднюю атмасферу.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий