Верныя прафесіі

0
135

 

У першую суботу ліпеня адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі спажывецкай кааперацыі. Для Жыткавіцкага філіяла Гомельскага абласнога аблспажыўтаварыства гэта стала добрай нагода адзначыць лепшых работнікаў у сваёй прафесіі і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. У ліку лепшых – нашы сённяшнія гераіні.

Прафесія прадаўца – самая распаўсюджаная ў гандлі, яго роля вельмі адказная і значная. Менавіта гэтыя людзі бліжэй за ўсіх стаіць да пакупніка, і ад таго, наколькі сумленна і якасна яны будуць выконваць свае абавязкі, залежыць рэпутацыя ўсяго гандлёвага пункта, філіяла і галіны ў цэлым. Менавіта гэты шлях больш за дваццаць гадоў назад абралі для сябе нашы зямлячкі Марыя Какора і Вольга Русінская з Капцэвічаў.

– Бачыце самі: які вялікі асартымент прадуктаў харчавання ў нашай краме. Таму да нас з задавальненнем прыходзяць жыхары населенага пункта, – пачынае размову Марыя Іванаўна. – Малочныя і хлебабулачныя вырабы завозяцца практычна кожны дзень, мясная прадукцыя – два-тры разы на тыдзень.

Суразмоўца адзначае: магазін у жыцці сяльчан займае асобае месца. Гэта тая ўстанова, куды людзі звяртаюцца амаль што кожны дзень. Тут людзі могуць затрымацца, пагутарыць, абмеркаваць хвалюючыя пытанні і зрабіць пры гэтым неабходныя пакупкі. А прадаўцы, у сваю чаргу, робяць усё магчымае для таго, каб задаволіць патрэбы насельніцтва, своечасова заказаць неабходныя тавары, дапамагчы зрабіць пакупку.

– Вядома, у малым населеным пункце нялёгка краме зарабляць грошы, але шмат у чым ратуе высокая якасць прадукцыі і разуменне таго, што патрэбна людзям. Мы ведаем кожнага пакупніка асабіста, у курсе яго густаў. Калі людзі звяртаюцца з індывідуальнай замовай – стараемся выканаць просьбу. Напэўна таму на працягу многіх гадоў жыхары выбіраюць менавіта нашу краму, – уступае ў размову Вольга Станіславаўна. – Як бачыце, большасць прадукцыі ў нас айчыннай вытворчасці. Карыстаецца попытам прадукцыя Гомельскага, Жлобінскага мясакамбінатаў, рэчыцкая “малочка”, прысмакі “Камунаркі”.

Жанчыны дзеляцца, што прафесія прадаўца няпростая. Акрамя таго, што чалавек дадзенай прафесіі павінен валодаць неабходным цярпеннем і вытрымкай, ён павінен пазбягаць канфліктных сітуацый, заставацца камунікабельным, ветлівым, уважлівым да сваіх пакупнікоў. Прызнаюцца: у іх усё гэта атрымліваецца, і работнікі гандлю робяць усё магчымае, каб людзі з задавальненнем вярталіся да іх ізноў. А яшчэ важна ў цяперашніх умовах умець прыцягнуць пакупніка. Якасць абслугоўвання – важны складальнік паспяховага функцыянавання гандлёвай кропкі. Па словах прадаўцоў, нягледзячы на тое, што побач размясціўся прыватны гандлёвы аб’ект, у крамы спажыўтаварыства “свае” пакупнікі, а з калегамі ў іх здаровая канкурэнцыя і ўзаемавыручка.

На пытанне: “У чым сакрэт іх паспяховай працы?”, адзначаюць наступнае: “У аптымізме і ўважлівых адносінах да кожнага пакупніка. А яшчэ трэба сумленна працаваць, каб людзі маглі давяраць свайму прадаўцу”.

Напярэдадні прафесійнага свята, Марыя Іванаўна і Вольга Сцяпанаўна пажадалі ўсім работнікам прылаўка, усім, хто звязаны з галіной, – здароўя, цярпення і ўдзячных пакупнікоў.

Рэдакцыя “Петрыкаўскіх навін” далучаецца да віншаванняў. Няхай усё, што вамі задумана, абавязкова рэалізуецца, поспех спадарожнічае ва ўсім, родныя людзі будуць заўсёды побач, а адчуванне шчасця ніколі не пакідае!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о