Урок шахматнай мудрасці

0
446

20 ліпеня адзначаецца Дзень шахмат. Гэтае свята аб’ядноўвае мільёны людзей па ўсім свеце – ад прафесійных гросмайстраў да аматараў гульні. Напярэдадні падзеі карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” сустрэлася з нашай зямлячкай, жыхаркай райцэнтра Раісай Будзіловіч, чалавекам вядомым далёка за межамі Петрыкаўшчыны сярод аматараў гэтай інтэлектуальнай гульні.

– Гульнёй у шахматы я захапілася ў пятнаццаць гадоў – мой бацька быў вялікім аматарам гэтага віду спорту і паступова “ўцягнуў”  і мяне. Вельмі ўдзячная яму за гэта. Праз гады я зразумела, наколькі важным фактарам у жыцці яны сталі для мяне. Шахматы дапамагаюць аналізаваць, развіваць уяўленне, мысленне, выбудоўваць сваю тактыку і стратэгію, – пачынае свой аповед Раіса Антонаўна.

Асвоіць на высокім узроўні такі від спорту, у маёй гераіні былі ўсе складнікі. Са школьных гадоў зямлячка была з матэматыкай на “ты”. Настаўнікі дакладных навук першай гарадской школы заўсёды рыхтавалі для вучаніцы заданні падвышанай цяжкасці. Ужо ў школьныя гады любіла задачы на развіццё крытычнага і лагічнага мыслення, дзе трэба прадбачыць ход развіцця дзеянняў. Была ўседлівай і прадумвала ўсё да дробязяў, што несумненна патрабуюць і шахматныя баталіі.

Пасля паспяховага заканчэння школы наступілі студэнцкія гады, перыяд, калі шахматы яшчэ больш трывала ўвайшлі ў яе жыццё. Узгадваючы той перыяд зямлячка прызнаецца: заўсёды была актывісткай ва ўсіх грамадскіх справах і спартыўным жыцці падчас вучобы ў сталічным інстытуце народнай гаспадаркі. Не змяніла такому ладу жыцця і калі прыйшла працаваць у аддзел статыстыкі Петрыкаўскага райвыканкама.

– Вядома, з гадамі я адшліфавала сваё майстэрства гульні ў шахматы, навучылася не рэагаваць маментальна на ход суперніка, не весціся на правакацыю, а быць вернай сваёй тактыцы. Аналізаваць: што тым ці іншым ходам хацеў сказаць чалавек, які сядзіць насупраць мяне. Бо шахматы, як і музыка, маюць сваю мову, – дзеліцца Раіса Антонаўна. – Гэта гульня, дзе кожны ход мае значэнне, і адна памылка можа каштаваць партыі. Яна вучыць заставацца спакойнай і аналізаваць сітуацыю нават у складаных момантах. Калі я прайграю партыю, я аналізую свае хады і шукаю прычыны паражэння. Гэта дапамагае мне выявіць свае слабыя месцы і працаваць над сабой.

Раіса Антонаўна дзеліцца, што на працягу ўсяго жыцця знаходзіліся людзі, якія, як і яна любілі пасядзець гадзінамі за шахматнай дошкай. Такім аказаўся і яе муж, з якім яна, са слоў гераіні, магла гуляць да дзвюх, трох гадзін ночы, не жадаючы аддаваць перамогу. Два моцныя супернікі – гэта партыі, поўныя пачуццяў. Не засталося яе захапленне незаўважаным, калі Раіса Антонаўна выйшла на заслужаны адпачынак.

– Больш за тры гады таму да мяне звярнуўся Аляксей Каюкала, старшыня райарганізацыі ветэранаў фізічнай культуры і спорту з прапановай стаць членам іх арганізацыі. Я пагадзілася. Аляксея Міхайлавіча ведаю як чалавека, які аддае шмат сіл для папулярызацыі спорту ў нашым раёне. Вырашыла: чаму і мне не паўдзельнічаць у такой высакароднай справе, – дзеліцца зямлячка. – Калектыў спартсменаў сабраўся добры. Усе члены аб’яднання цікавыя людзі са сваёй спартыўнай “гісторыяй”. Так у жыццё ўвайшлі спаборніцтвы розных узроўняў, паездкі за межы раёна. Вельмі прыемна і тое, што кіраўніцтва раёна, сектар спорту і турызму аказвае падтрымку ў такіх мерапрыемствах. Наша дзейнасць навідавоку і прыносіць добрыя вынікі.

Раіса Антонаўна прызнаецца: паездкі за межы раёна ёй даюць магчымасць сустрэцца з шахматыстамі вобласці. Яе вабіць моцны супернік, яна чакае паядынкаў з такімі. У скарбонцы перамог за ўдзел спаборніцтвах па шахматах у спартсменкі мноства дыпломаў, медалёў. Не адзін год наша зямлячка ўваходзіць у тройку лепшых жанчын-шахматыстак вобласці сярод ветэранаў спорту. Свае ўменні і навыкі яна перадае ўнукам, пляменніку і падае ўсяму маладому пакаленню Петрыкаўшчыны прыклад карыснага баўлення часу. У завяршэнні нашай сустрэчы Раіса Антонаўна адзначыла: “Я не ведаю людзей, якім захапленне шахматамі прынесла б шкоду, а вось прыкладаў карысці ў жыцці ведаю шмат. А таму пажадаю дарослым не забывацца вучыць і захапляць сваіх дзяцей шахматамі. А ўсім шахматыстам развівацца і поспехаў”.

Святлана СОБАЛЕВА,

фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о