Распавядалі пра захапленні, забівалі цвікі ў бервяно, разбіралі насенне, пеляналі дзіця і не толькі. У Капаткевічах прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла-2023”.
У прывітальным слове намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько пажадала ўдзельнікам конкурсу міру, дабра, узаемапаразумення, удачы, каб дзеці радавалі сваімі поспехамі.
У спаборніцтвах удзельнічалі тры сям’і з Петрыкаўскага раёна: Картыннік з Курыцічаў, Казелька з Капаткевічаў, Сігай з Пціча. Гэта маладыя сем’і з дзецьмі, у якіх хаця б аднаму з бацькоў менш за 31 год. Таксама ў ліку абавязковых умоў – членства ў радах БРСМ, пастаяннае пражыванне і праца ў сельскім населеным пункце.
Конкурс сапраўды прайшоў на “ўра”, пакінуўшы пасля сябе яркія ўспаміны. Гледачы не пашкадавалі апладысментаў, падтрымліваючы канкурсантаў, а артысты Капаткевіцкага Дома культуры разбаўлялі этапы конкурсу музычнымі нумарамі.
Удзельнікі павінны былі прайсці чатыры разнастайныя конкурсныя этапы, прадэманстраваць свае ўменні і творчыя здольнасці, узаемапаразуменне і ўзаемавыручку, зладжанасць, пачуццё гумару, кемлівасць.
У першым этапе – візітоўцы – героі расказвалі пра сябе, свае захапленні, пра знаёмства адзін з адным, сямейныя традыцыі. У другім сямейныяя пары спаборнічалі ў хуткасці забівання цвіка, затым гаспадыні на хуткасць павінны быць адсартаваць розныя крупы па шклянках. На чацвёртым – сваю сілу дэманстравалі мужчыны, якія разносілі вёдры з вадой на каромысле, а жанчынам важна было дастаць чыгун з бульбай з умоўнай печы і перанесці на вілках праз перашкоды.
Павесялілі гледачоў на шостым этапе, дзе трэба было пракаціць жонку на тачцы. На сёмым і самым эмацыйным конкурсным заданні “Працуем разам” удзельнікі павінны былі як мага хутчэй распілаваць бервяно і насекчы дроў. Ацэньвалася якасць і хуткасць выканання задання.
У завяршэнні спаборніцтваў свае кулінарныя здольнасці гаспадыні прадэманстравалі ў конкурсе “Сялянскія прысмакі”. Ім неабходна было творча прэзентаваць адну страву, расказаць пра яе састаў і раскрыць сакрэт прыгатавання.
Цырымонію ўзнагароджання правяла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько.
Пасля напружанай барацьбы перамогу святкавала сям’я Сігай (на фота). Дыпломам другой ступені ўзнагароджана сям’я Картыннік, дыпломам трэцяй ступені – сям’я Казелька.
Марыя і Аляксандр Сігай пабраліся шлюбам у 2012 годзе, а сустракацца пачалі годам раней. Муж працуе электраманцёрам на чыгунцы, а жонка зараз у адпачынку па доглядзе за дзіцём. Героі жывуць у вёсцы Пціч і зараз рэканструююць дом дзякуючы субсідыі, выдзеленай дзяржавай для шматдзетных сем’яў. Дарэчы, гэта ўжо не першая перамога Марыі і Аляксандра, у 2018 годзе яны атрымалі дыплом ІІ ступені на раённым конкурсе, а затым дыплом ІІІ ступені на абласным этапе.
Хутка сям’я Сігай будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу “Уладар сяла”, які пройдзе 29 чэрвеня ў Чачэрску. Жадаем поспеху!
Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.
Оставить комментарий