У Петрыкаўскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прайшлі спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму. Турнір быў прымеркаваны да Сусветнага дня турызму.
Самых спрытных і хуткіх выяўлялі паміж сабой вучні трох гарадскіх устаноў адукацыі. Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба было пераадолець некалькі этапаў дыстанцыі: “купіны”, “маятнік”, які мы ў прастамоўі называем арэлямі, паралельны вяровачны пераход і “павуцінне”. Сярод крытэрыяў выніку суддзі вызначалі час праходжання дыстанцыі і наяўнасць памылак на этапах.
Тут жа можна было пазнаёміцца з узнагародамі мясцовых турыстаў, удасканаліць свае навыкі ва ўсталяванні палаткі, азнаёміцца з турыстычным рыштункам і проста весела правесці час у рухомых гульнях.
Канкурэнцыя сярод аматараў актыўнага адпачынку школьнага ўзросту была сур’ёзная, нават самыя вышэйшыя радкі выніковага пратаколу часам падзялілі некалькі вучняў, што паказалі на фінішы аднолькавы час. Але спаборніцтвы на тое і ладзяцца, каб вызначыць лепшых. Так, перамогу ў гэты дзень святкавалі навучэнцы гімназіі Міхаіл Раманюк і Эмілія Тарасава.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий