Сістэма адукацыі  будзе ўдасканальвацца  і развівацца

На гэтым тыдні з рабочым візітам Петрыкаў наведаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У межах візіту на Петрыкаўшчыну кіраўнік Міністэрства пазнаёміўся з работай устаноў дашкольнай, сярэдняй і прафесійнай адукацыі.
У час наведвання ДУ “Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу №1 лёгкай прамысловасці” Андрэй Іванец азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы: наведаў спальны корпус і вытворчыя майстэрні, вучэбныя кабінеты і спартыўны блок, сталовую і актавую залы, кабінет псіхолага і медпункт, бібліятэку і музей. У размове з навучэнкамі і педагогамі былі абмеркаваны пытанні прафесійнай падрыхтоўкі і далейшага жыццяўладкавання выпускніц, а таксама аснашчанасць і магутнасць вытворчых майстэрняў і запатрабаванасць выпускаемай прадукцыі.
Што да сістэмы дашкольнай адукацыі, то наведаныя ДУ “Яслі-сад №5 горада Петрыкава” і “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №2 горада Петрыкава ўпраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ААТ “Беларуськалій” акрэслілі напрацоўкі і перспектывы раёна ў пытанні дашкольнай адукацыі.
Таксама Андрэй Іванец наведаў гімназію, дзе цікавіўся ўмовамі бяспекі, арганізацыяй выхаваўчых і культурна-масавых мерапрыемстваў, сістэмай работы па падрыхтоўцы да выніковай атэстацыі і ЦТ.
У межах візіту на Петрыкаўшчыну міністр адукацыі сустрэўся з педграмадскасцю раёна. Прысутныя на сустрэчы мелі магчымасць атрымаць адказы на самыя актуальныя пытанні напярэдадні новага навучальнага года: змены ў Кодэксе аб адукацыі, Дзяржаўны школьны стандарт, матэрыяльна-тэхнічная састаўляючая, работа з кадрамі, атэстацыя педагогаў, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў.
Так, Андрэй Іванец праінфармаваў прысутных, што Міністэрствам адукацыі распрацаваны новыя метадычныя ўказанні для ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія прадугледжваюць, што з 1 верасня 2022/2023 навучальнага года ў школы вернецца дапрофільная падрыхтоўка.
– Гэта значыць, што на ўзроўні 8-9-га класа ва ўсіх школах дырэктары змогуць фарміраваць дапрофільныя класы. Неабходна гэта рабіць для таго, каб да моманту заканчэння 9-га класа маладыя людзі маглі або зрабіць выбар сваёй далейшай траекторыі навучання на ўзроўні каледжа – атрымання рабочай прафесіі, або працягваць навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі – ісці ў 10-11-ы клас і рабіць усвядомлены і падрыхтаваны выбар профілю. Тады падчас навучання ў профільным 10-11-м класе юнакі і дзяўчаты змогуць атрымаць дадатковыя паглыбленыя веды па выбраным прадмеце, – расказаў міністр Андрэй Іванец. Кіраўнік міністэрства падкрэсліў, што профільную падрыхтоўку мэтазгодна ажыццяўляць на ўзроўні 10-11-га класа.

На сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна міністр адзначыў, што сёння шмат гаворыцца пра практыка-арыентаванасць вышэйшай адукацыі і пра тое, што практычныя заняткі студэнтаў павінны пачынацца ўжо з першага курса. А гэта значыць, што шмат у чым тэарэтычную падрыхтоўку яны павінны атрымліваць на ўзроўні 10-11-га класа.
– Больш за тое, той падыход, які ў цяперашні час ужо рэалізуецца ў нашых школах у рамках ня-профільных класаў на трэцяй ступені адукацыі, а менавіта атрыманне рабочай прафесіі, будзе працягнуты. Гэта значыць рабяты, якія навучаюцца ў 10-11-м класе і не маюць дадатковай нагрузкі ў выглядзе профільных факультатыўных прадметаў, павінны атрымліваць прафесію. А сёння ёсць магчымасць выбраць з больш як 100 рабочых прафесій. Пры гэтым падрыхтоўка ажыццяўляецца або на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, там, дзе ёсць адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база і кадры, або на базе каледжаў, пераважна мы арыентуемся на гэты ўзровень, дзе ажыццяўляецца профільная падрыхтоўка адпаведных спецыялістаў, – адзначыў ён. Міністр адукацыі расказаў пра перспектывы ўвядзення ЦТ па інфарматыцы.
Што тычыцца школьнай формы, пра якую апошнім часам шмат ідзе гаворкі, то пазіцыя міністра адназначная: “Школа – установа адукацыі са сваімі правіламі і распарадкам. Іх трэба выконваць”. Як растлумачыў Андрэй Іванец, форма будзе ўводзіцца ў два этапы:
– У гэтым навучальным годзе прапануецца набыць адзін з элементаў адзення: гэта можа быць камізэлька, пінжак, бомбер, дзе можна замацаваць значок ці эмблему ўстановы адукацыі, а ў наступным годзе даўкамплектаваць форму.
– У Гомельскай вобласці сітуацыю па школьнай форме вывучылі грунтоўна. Прадпрыемствы “Камінтэрн”, “ФРАНЦішка”, “8 Сакавіка” шыюць для дзяцей добрыя камплекты на любы густ, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Смірноў, які прысутнічаў на сустрэчы.
У фармаце адкрытага дыялогу былі абмеркаваны і іншыя актуальныя і хвалюючыя пытанні развіцця і функцыянавання сістэмы адукацыі раёна і краіны.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о