Завяршыў сваю работу палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей на базе ДУА “Капаткевіцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”. Рабяты весела і з карысцю правялі час ва ўрочышчы Ракава.

Праграма кругласутачнага палатачнага лагера на працягу ўсіх дзевяці дзён была насычана рознымі мерапрыемствамі. Тут не было часу для нуды, навучэнцы адпачывалі і атрымлівалі зарад бадзёрасці, энергіі і масу прыемных уражанняў.
Свежае духмянае паветра хваёвага лесу, цудоўнае ліпеньскае надвор’е – пра што яшчэ можна марыць? Лясны спакой і цішыню парушалі звонкія дзіцячыя галасы. Вось група рабят сабралася каля стала і бавіць час за шашкамі, нехта практыкуецца ў трапнасці, гуляючы ў дартс. Усе пры справе.

Навіны з палатачнага лагера
Жыццё ў лясных умовах без бацькоўскага нагляду, калі дзіця вучыцца даглядаць сябе, самастойна прымаць рашэнні – гартуе яго, робіць мацнейшым і псіхалагічна, і фізічна. Безумоўна, усё гэта адбывалася ў атмасферы поўнай абароненасці і пастаяннага кантролю з боку выхавацеляў-трэнераў і іншых спецыялістаў, якія працавалі ў лагеры.
Азнаёміўшыся з распарадкам дня, рэжымам работы палатачнага лагера, правялі пасвячэнне ў турысты, вывучылі ўрочышча “Ракава”, нанеслі на карту размяшчэнне палянак, сцяжынак, пераходаў. Пад кіраўніцтвам трэнера Анатоля Адаміча правялі турыстычнае арыентаванне на мясцовасці “Знайдзі пікеты”. Гутарка “Мы выбіраем шлях” таксама дапамагла юным турыстам замацаваць правілы арыентавання на мясцовасці і асновы ўзаемаразумення.
У першы вечар рабят чакала творчае заданне – афармленне прыпалатачнай прасторы.
Асаблівая ўвага надавалася правілам бяспечных паводзінаў на вадзе. З цікавасцю рабяты слухалі вопытнага інструктара Мікалая Жукаўца, які не толькі назіраў за дзецьмі ў час купання, але і суправаджаў у турыстычных паходах і вучыў майстэрству прыгатавання смачных страў на вогнішчы.
Увечары каля агню праходзілі віктарыны, віртуальныя экскурсіі. У вольны ад працоўных і турыстычных акцый час займаліся рыбалкай, развучвалі песні, складалі розныя гісторыі, гулялі ў шашкі, мяч, бадмінтон, дартс.
Апошні дзень – гэта дзень сяброўства, калі рабяты абмяняліся ўражаннямі і напісалі адзін аднаму пажаданні. Ён прайшоў са слязамі на вачах, бо не хацелася развітвацца з цудоўным часам, праведзеным з карысцю на ўланні прыроды.

Ірына ПУСТОЦІНА,
педагог-арганізатар.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о