Жыхары вёскі Мышанка вось ужо некалькі тыдняў знаходзяцца ў прыемным хваляванні: на цэнтральнай вуліцы завяршылася ўкладка асфальту па вуліцы Гарадоцкая.
Як расказала адна з жыхарак, дарога з 1993 года, не мела грунтоўнага рамонту, хаця і патрабавала. Пытанне пра рамонт уздымалася не аднойчы на разнастайных сходах, але зрухаў не было. І вось дачакаліся!
“Лета ў Мышанцы заўсёды напоўнена дзіцячымі галасамі, таму што на канікулы да бабуль і дзядуляў прыязджаюць унукі. І асноўнае месца прагулак – цэнтральная вуліца ваеннага гарадка. А як шпацыраваць маладым мамам з каляскамі, калі кожны метр – яма, а ў дождж – ледзь ці не мінібасейн? Выпрабаванне! Цяпер мы ўжо атрымліваем асалоду ад абноўленай дарогі. Дарэчы, апошнія выхадныя паказалі, што ў нас шмат дзяцей, і амаль ва ўсіх ёсць веласіпеды і ролікі. Пагадзіцеся, актыўны спартыўны адпачынак – выдатная альтэрнатыва разнастайным гаджэтам. Застаецца спадзявацца, што аўтамабілісты будуць улічваць асаблівасці дарожнай абстаноўкі і прытрымлівацца нізкай скорасці руху”, – распавяла жанчына.
Начальнік райжылкамгаса Сяргей Гайчук у час размовы ўдакладніў, што напрыканцы мінулага года з абласнога бю-джэту было выдзелена 100 тысяч беларускіх рублёў на рамонт дарожнай сеткі Петрыкаўшчыны.
“Пры падтрымцы кіраўніка раёна Аляксандра Кохана на ўзроўні аблвыканкама было прынята рашэнне выдзеліць дадатковыя сродкі”, – удакладніў Сяргей Мікалаевіч.
Дырэктар філіяла Петрыкаўскага дарожна-рамонтна-будаў-нічага ўпраўлення № 112 адзначыў, што працягласць участку для рамонту вуліцы Гарадоцкая ў Мышанцы – 4900 квадратных метраў, таўшчыня асфальтавага пакрыцця складае 5 сантыметраў, а шырыня – 6 метраў.
“12 чалавек шчыруюць, каб зрабіць дарогу якасна, захаваўшы высокія стандарты кладкі, – агучыў Канстанцін Варэнікаў. – Акрамя дарогі, сёлета наша ДРБУ-112 у Мышанцы завяршае капітальны рамонт маста, на які выдзелена 240 тысяч беларускіх рублёў. Усяго ў Петрыкаўскім раёне 33 масты і 3 з іх патрабуюць капітальнага рамонту. У мінулым годзе быў адрамантаваны мост у вёсцы Баклань. Кіраўнік краіны якасць дарог і мастоў паставіў на асаблівы кантроль, таму мы павінны закрыць пытанне з мастамі, якія патрабуюць капітальнага рамонту да 2025 года”.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий