Прыпынак без раскладу руху аўтобуса, ці Чаму людзям не патрэбен камфорт?

0
445

Днямі да нас у рэдакцыю звярнуўся чытач з пытаннем, чаму на прыпыначных пунктах горада Петрыкава не вывешаны расклад руху аўтобусаў прыгарадных маршрутаў. Карэспандэнт “ПН” адправіўся высвятляць, ці так гэта насамрэч?

Нельга не адзначыць, што з моманту рэканструкцыі ў Петрыкаве колькасць прыпыначных пунктаў значна павялічылася, але наколькі гэта аблягчыла жыццё насельніцтву ў плане перамяшчэння, застаецца пытаннем.

Пачнём па парадку. Калі мы з вамі паспрабуем даведацца, ці едзе які-небудзь аўтобус з Петрыкава ў бок Макарыч, то спроба не скончыцца поспехам, таму што раскладу руху аўтобусаў у гэтай частцы горада няма ні ў адным з напрамкаў. Калі казаць пра прыпынкі ў горадзе, то працэнтаў 50 з іх не мае раскладу руху гарадскога транспарту.
На вуліцы Бумажкова расклад руку аўтобусаў ёсць, у ваенным гарадку расклад ёсць толькі на прыпынку з боку кінатэатра. Не парадуе раскладам руху аўтобусаў прыпынак па вуліцы Карла Маркса.

Але не спяшаецеся вінаваціць Гомельаблаўтатранс, філіял № 13, вытворчы ўчастак горада Петрыкава. Яны якраз зрабілі ўсё магчымае. Па ўсім горадзе быў размешчаны расклад, але, як мы высветлілі пазней, нашы несумленныя грамадзяне палічылі іх лішнімі – зламалі.

Начальнік вытворчага ўчастка Андрэй Мароз даў наступны каментарый:
“Як толькі ў Петрыкаве пачаў курсіраваць гарадскі транспарт, мы адразу ж на прыпыначных пунктах размясцілі шыльдачкі з рапісаннем руху аўтобусаў. Аднак такі стан спраў не задаволіў некаторых нашых грамадзян. Чаму частка шыльдаў з раскладам зламаныя? Ні моцны вецер, ні дождж не маглі пашкодзіць іх, толькі чалавек. Элементарная непавага жыхароў раёна да чужой працы і нежаданне жыць у камфорце. Нашы вадзіцелі неаднаразова былі сведкамі, як на прыпынках ламалі гэтыя шыльды дзеці.

Нават нягледзячы на такое абыякавае стаўленне, мы закупілі спецыяльныя налепкі (на суму 2 тысячы беларускіх рублёў) з раскладам руку аўтобусаў, якія плануем гэтай вясной размясціць на ўсіх прыпыначных пунктах раёна.
Удакладню па прыгарадных маршрутах. Калі па шляху руху аўтобуса маецца той ці іншы прыпынак, то ён абавязкова павінен мець расклад руку такога транспартнага сродку.

Здаецца, мы знайшлі адказ на пытанне.
Пагадзіцеся, часам вельмі здзіўляе, чаму людзі не могуць жыць у згодзе ці ўвогуле ўспрымаць прынцыпы талерантнасці, цярпімасці, павагі.
Для нашага горада нібы стала штодзённасцю: ламаць і псаваць. Не даюць спакою некаторым людзям новыя драўляныя платы, прыгожы амфітэатр. А што робіцца з дзіцячымі пляцоўкамі? Адкуль бярэцца цяга да таго, каб псаваць тое, што для іх жа і зроблена? Мне зразумець цяжка.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о