Праца, якая натхняе на творчасць

0
26

Быць работнікам культуры ў сельскай мясцовасці няпроста. Забаў у такім населеным пункце няма, таму ўстанова культуры была і застаецца галоўным месцам адпачынку ў вяскоўцаў. Для культработніка, які ўкладвае ў падрыхтоўку мерапрыемстваў усю душу і сілы, сапраўднае шчасце, калі ў сельскім клубе збіраюцца аднавяскоўцы.

Ірына Зубар, вось ужо пяць гадоў з’яўляецца захавальніцай добрага настрою жыхароў аграгарадка Пціч, працуючы культарганізатарам філіяла “Пціцкага сельскага Дома народнай творчасці”.

Малая радзіма маёй гераіні – вёска Багрымавічы. З дзяцінства бацькі прывівалі дзяўчынцы любоў да музыкі і мастацтва. Яшчэ ў школьныя гады яна асвоіла музычны інструмент, скончыўшы музычную школу па класе акардэона. Пасля школы Ірына Іванаўна паступіла ў вышэйшае кулінарнае вучылішча. Дарэчы, гераіня вельмі любіць гатаваць і яе дом заўсёды напоўнены водарам свежых булачак, марынаваных агурочкаў і духмяных саленняў. Але прафесійны шлях з кулынарыяй не звязала. 16 гадоў Ірына Іванаўна адпрацавала інспектарам па кадрах у ААТ “Пціч-Агра” – строга, адказна, з павагай да кожнага чалавека. Аднойчы вырашыла змяніць сферу дзейнасці і ўладкавацца ў сельскі Дом народнай творчасці.
– Душа заўсёды імкнулася да творчасці, – з цёплай усмешкай прызнаецца Ірына Іванаўна. – Тут я вяду аб’яднанні па інтарэсах “Кветкаводы», «Праменьчык». Разам з дзецьмі мы вырасцілі вельмі пышныя і яркія гартэнзіі. Днямі гэтыя кветкі сталі часткай акцыі “Кветкі для камбайнераў”, арганізаванай у гонар уборачнай кампаніі. Рабяты не проста сабралі букеты – яны вырасцілі іх уласнымі рукамі і з гонарам уручылі працаўнікам сельскай гаспадаркі.

У паўсядзённым жыцці Ірына Іванаўна любячая жонка, клапатлівая маці і бабуля. Захапляецца гераіня вырошчваннем прыгожых кветак. На падваконніках і клумбах у яе цвітуць архідэі, калы і гладыёлусы – дзясяткі відаў, кожная кветачка – як маленькі цуд прыроды. Улетку Ірына Іванаўна разам з мужам Пятром Мікалаевічам даглядаюць за вялікім агародам: памідоры, агурочкі, морква, капуста – усё ідзе ў справу.

– Дзеці ўжо дарослыя, самастойныя людзі. Сын Арцём працуе зваршчыкам на Гомсельмашы, дачка Кацярына – кранаўшчык на тым жа прадпрыемстве. Двое ўнукаў – Вова і Максім. Яны часта прыязджаюць у госці. Вельмі любяць са мной хадзіць на мерапрыемствы, спяваць і танчыць, – дзеліцца Ірына Іванаўна. – Быць работнікам сельскай установы культуры – гэта не толькі святы, песні, танцы, гэта і выхаванне падрастаючага пакалення. Таму мы рыхтуем шмат мерапрыемтсваў, у тым ліку інтэлектуальных, для дзяцей і падлеткаў. Тых, хто жыве ў вёсцы і хто прыязджае летам у госці да бабуль і дзядуляў.

– Лічу, што вельмі важна знайсці працу, якая будзе прыносіць задавальненне, і мне з гэтым вельмі пашанцавала, – дадае гераіня.
Хочацца пажадаць Ірыне Іванаўне моцнага здароўя і творчых поспехаў!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о