Што такое Радзіма для чалавека? Краіна, дзяржава, дзе ён нарадзіўся і рос, дзе жылі яго продкі, родная мова, звычкі, норавы. Народ, сярод якога ты – свой. І яшчэ нешта большае, нявыказанае… Усю яе спазнаць, убачыць, пэўна, немагчыма, але для кожнага Бацькаўшчына дарагая.
Паэты і празаікі Петрыкаўшчыны распавядаюць у сваіх творах пра нашу малую радзіму. Яны прадстаўляюць яе як самае роднае, блізкае і зразумелае. Багатая наша зямля талентамі і самародкамі. І не перастае Петрыкаўшчына здзіўляць і радаваць нас сваімі майстрамі. Гэта людзі, якія неабыякавым поглядам глядзяць на навакольны свет, бо не кожны надзелены дарам “бачыць”. Сваёй творчасцю людзі творчасці і нас заклікаюць зірнуць на ўсё, што нас акружае, міма чаго часам праходзім, не заўважаючы вакол прыгажосці.
У рамках святкавання Міжнароднага дня музеяў у Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла сустрэча з адным з таленавітых людзей Петрыкаўшчыны, разьбяром, мастаком, нашым земляком – Іванам Паўлавічам Перарэжкам.
За гады творчасці ён дасягнуў не малых вышынь. Стаў сапраўдным майстрам сваёй справы і ўпісаў уласнае імя ў летапіс нашай роднай Петрыкаўскай зямлі. Па сённяшні дзень яго персанальныя выставы ў залах нашага музея праходзяць штогод.
Кожная яго экспазіцыя як для музея, так і прыхільнікаў мастацтва – заўсёды адкрыццё свету прыгажосці і мудрасці. Работы Івана Паўлавіча не толькі развіваюць творчы погляд і густ падрастаючага пакалення, але і вучаць любіць родны край, бачыць прыгажосць у звыклых рэчах, ведаць сваю гісторыю.
У час мерапрыемства мастак распавядаў пра сваё юнацтва, дарослае жыццё, пошукі творчых падыходаў у час стварэння работ, пра новыя задумы.
У гэтым годзе Іван Перарэжка падарыў музею 38 створаных ім копій абразоў лікаў свяціцеляў, на напісанне якіх спатрэбілася больш за адзінаццаць гадоў. І дзякуючы яго майстэрству і таленту ў нас упершыню з’явілася свая іканапісная спадчына.
На маё пытанне: “Што падштурхнула на напісанне абразоў?”, – Іван Паўлавіч адказаў вельмі простымі словамі: “Кожны мастак хоць раз у жыцці абавязкова спрабуе “ўвайсці” ў іканапіс, але не ў кожнага гэта атрымліваецца…”.
Работы на выставе майстра “Образ кротости: лики почитаемых святителей” выклікалі водгук у душы гасцей мерапрыемства, пакінуўшы шмат цёплых слоў захаплення на адрас мастака.
У завяршэнні мерапрыемства са словамі падзякі выступіла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Блінец. Святлана Міхайлаўна адзначыла, што работы мастака з’яўляюцца сапраўды здабыткам нашага раёну і даюць магчымасць людзям дакрануцца да цудоўнага і духоўнага. Менавіта творчасць Івана Паўлавіча з’яўляецца наглядным прыкладам любові да сваёй малой радзімы. Жанчына ад усёй душы пажадала мастаку далейшых поспехаў і творчага даўгалецця, невычэрпнага натхнення і плённай дзейнасці. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мужчына быў ганараваны падзякай за плённае супрацоўніцтва з музеем, захаванне і прапаганду культурных каштоўнасцяў. Актывісты грамадскай арганізацыі “Белая Русь” уручылі мастаку каштоўны падарунак.
Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік музея.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий