Новы год – гэта адно з самых чароўных і фантастычных святаў у годзе! У гэты дзень усё навокал напоўнена адпаведнай атмасферай: на вуліцах гараць яркія гірлянды, а на ёлках мігацяць рознакаляровыя агеньчыкі. У дамах і кватэрах пануе ўтульнасць і цяпло, на сталах стаяць смачныя пачастункі, пад ёлкай – падарункі для блізкіх і сяброў.
Новы год – гэта свята, якое аб’ядноўвае ўсіх людзей і дорыць ім радасць і шчасце. Нават самыя скептычна настроеныя не змогуць утрымацца, каб не павіншаваць блізкіх з надыходзячым годам, не пажадаць усяго найлепшага.
Для тых, хто любіць энергічна сустракаць Новы год, у Петрыкаве на гарадской плошчы была арганізавана святочная праграма.
Варта адзначыць, што да гэтага Новага года сапраўдным падарункам для жыхароў раённага цэнтра стала набыццё штучнай ёлкі.
Жаданне грамадзян Петрыкаўшчыны набыць ёлку, якая адпавядае ўсім сучасным патрабаванням, падтрымаў кіраўнік раёна Аляксандр Кохан.
Прыгажуня была набыта за кошт фінансавых сродкаў, заробленых у час раённага суботніка, і пры вялікай падтрымцы райжылкамгаса.
У сацыяльных сетках не аднойчы нашы жыхары пакідалі захопленыя водгукі пра новую прыгажуню свята, таму і карагод павадзіць вакол яе ў навагоднюю ноч было дастаткова жадаючых.
Каля 9 гадзін вечара на плошчы пачаў збірацца народ, а дакладней – гэта бацькі прывялі дзяцей на святочную праграму.
Супрацоўнікі Дома культуры прапанавалі дзецям разнастайныя конкурсы і віктарыны, традыцыйнае “атрымаць ад Дзеда Мароза і Снягуркі смачны пачастунак, але перш прачытаць верш”. Бацькі з задавальненнем падтрымлівалі маленькіх, разам вадзілі карагод вакол ёлкі і танцавалі. Здавалася, на гэтым усё павінна было скончыцца. Аднак, тыя ж бацькі ўжо пасля таго, як прабілі куранты, паклаўшы дзяцей спаць, зноў вярнуліся на навагодне-танцавальны кураж толькі ўжо для дарослых. На цэнтральнай сцэне было гучна і шумна. Тут паказвалі забаўляльную праграму “Прывітанне, Новы год”.
Людзі танцавалі, віншавалі адзін аднаго з Новым 2024 годам, жадалі здароўя, шчасця, дабрабыту, фатаграфаваліся. Амаль да чатырох гадзін раніцы працягвалася народнае гулянне на гарадской плошчы. Надыходзячы новы, 2024-ы год па кітайскім календары год Зялёнага Драўлянага Цмока, які ўвасабляе поспех, магутнасць і высакароднасць. Сябры, няхай нам усім пашанцуе ў новым годзе, гэтыя 12 месяцаў прынясуць нам больш шчасця, здароўя і поспеху!
Оставить комментарий