На базе ўстаноў адукацыі адкрыліся сямнаццаць лагераў для навучэнцаў устаноў адукацыі

0
328

У чэрвені месяцы на базе ўстаноў адукацыі адкрыліся сямнаццаць лагераў для навучэнцаў устаноў адукацыі, чатыры з якіх – працоўныя. Карэспандэнты раёнкі адправіліся ў Капцэвіцкую сярэднюю школу, каб адчуць творчы рытм, настрой дзяцей, занятых у працоўным лагеры.

На базе ўстаноў адукацыі адкрыліся сямнаццаць лагераў для навучэнцаў устаноў адукацыіУ кабінеце абслугоўваючай працы ніхто з прысутных не сядзеў без справы. Дзесяць падлеткаў прыступілі да пашыву пасцельнай бялізны: вымяралі, адразалі, кроілі, штабнавалі на швейных машынках. Побач з імі педагог, дарадчык і крытык Іна Гладкая, якая паспявала кожнаму паказаць, адказаць, дапамагчы.

– З упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама мы супрацоўнічаем трэці год запар. У рамках цяперашняй аздараўленчай кампаніі, пры фінансаванні нашых партнёраў рэалізоўваем працоўны праект па пашыве дванаццаці камплектаў пасцельнай бялізны для патрэб групы падоўжанага дня, – дзеліцца Іна Леанідаўна. – Як педагог, заўважаю непадробную цікавасць з боку моладзі да швейнай справы. Гэта не можа не радаваць: дзяўчаты будучыя гаспадыні, захавальніцы сямейнага ачагу, ды і ў плане прафарыентацыі такая дзейнасць адыгрывае сваю ролю.
У размову ўступаюць удзельнікі лагера. Эмоцыі ў падлеткаў станоўчыя, радасныя. Адчуваецца, што яны ганарацца тым, што робяць сваімі рукамі.

– Разам з магчымасцю не сумна праводзіць лета, я і мае сябры атрымліваем карысны вопыт, магчымасць зарабіць асабістыя грошы, – дзеліцца вучаніца восьмага класа Алёна Булава. – Да ўсяго іншага, у рамках работы лагера, нам прапаноўваюцца тэматычныя мерапрыемствы, пазнавальныя экскурсіі, цікавыя знаёмствы. Улічваючы, што ў школьнай сталоўцы нас чакаюць смачныя сняданкі і абеды – дадому мы не вельмі спяшаемся. Кожны дзень нам прыносіць новыя ўражанні, радасць зносін, асэнсаванне сваёй значнасці ў добрай і патрэбнай справе.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о