“Ніці яднання, што сплятаюць палотнішча нацыянальнага адзінства”

0
603

Заўтра краіна адзначыць Дзень народнага адзінства – свята для Беларусі маладое, але вельмі важнае. Пра гісторыю гэтага дня, яго сэнс для беларускага народу і традыцыях, якія нараджаюцца, мы пагутарылі з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Дзмітрыем Каржом.

“Ніці яднання, што сплятаюць палотнішча нацыянальнага адзінства”– Дзмітрый Іванавіч, давайце згадаем гісторыю адметнай для беларускай гісторыі даты – 17 верасня.
– У 1921-м годзе, згодна з умовамі Рыжскага мірнага дагавора, землі заходняй часткі Беларусі адышлі Польшчы. У сацыяльным і эканамічным плане гэтыя землі цярпелі сапраўдны рэгрэс: закрываліся беларускамоўныя школы, уводзілася навучанне на польскай мове. Заходняя беларуская тэрыторыя разглядалася выключна як аграрна-сыравінны прыдатак, адкуль высякаўся і вывозіўся лес, а сяляне, у большай сваёй частцы, малазямельныя, былі абкладзены мноствам падаткаў. Тут зноў панавалі польскія памешчыкі, а вёскі Заходняй Беларусі станавіліся ўсё больш занядбалымі. Гарадское насельніцтва адчувала сябе не лепш: часцяком прадстаўнікі інтэлігенцыі траплялі пад ціск ці праследаванне з боку польскіх уладаў.

Паралельна ў Савецкай Беларусі ствараліся арцелі, калгасы і саўгасы, распачалася механізацыя сельскай гаспадаркі. Паўсюдна адкрываліся школы, установы аховы здароўя, развівалася інфраструктура. Пра гэта станавілася вядома суайчыннікам з заходняй часткі Беларусі і ідэя аб’яднання стала гучаць усё больш моцна і ўплывова.
Нарэшце, у 1939-м годзе Беларусь была аб’яднана і наш народ зноў стаў жыць у адной краіне. Трэба заўважыць, што памяць пра тую падзею захоўвалася заўсёды, у шэрагу гарадоў: Брэсце, Івянцы, Маладзечна, Міры, вуліцы атрымалі назву 17-га верасня.

– У кожнага свята ёсць свае сімвалы. Здаецца, Дзень народнага адзінства ўвасабляе іх усе. Вакол чаго аб’ядноўваюцца беларусы на сучасным этапе развіцця нацыі?
– Ва ўсіх праявах грамадскага жыцця існуюць рэчы, працэсы, асобы, калі жадаеце стымулы, што робяць нас адметнымі і аб’ядноўваюць. У палітычным сэнсе – гэта моцная ўлада і самастойная палітыка, у эканамічным – харчовая бяспека, развіваючаяся вытворчасць, наша прадукцыя, што даўно стала візітнай карткай Беларусі на міжнародным рынку. Гэта, безумоўна, і гісторыя нашага народа, і яго культура, што фарміравалася стагоддзямі. Вядома, гэта і сямейныя каштоўнасці, і любоў да малой радзімы. Галоўнае, што на мой погляд павінен усведамляць беларус – мала ганарыцца дасягненнямі краіны, трэба рабіць пасільны ўнёсак да захавання і развіцця дзяржавы.

Суседзі называюць нас гасціннымі, працавітымі, талерантнымі, гаспадарлівымі – гэтае назіранне фарміравалася на працягу доўгага часу ўчынкамі нашых продкаў, таму і нам, сучаснаму пакаленню, трэба захаваць гэтыя нацыянальныя рысы характару, праз выхаванне дзяцей, уласныя справы, ахову гістарычнай памяці і традыцый.

– Дзень народнага адзінства – важнае свята, якое мы адзначаем ўжо ў трэці раз. Неўзабаве ў сем’ях пачнуць складвацца традыцыі святкавання гэтай даты. Што б вы абавязкова прапанавалі гаспадарам, бацькам зрабіць у гэты дзень?
– Канешне, усе мы розныя. Але першае, што варта тлумачыць дзецям не толькі 17 верасня, але і 9 мая, і 3 ліпеня – гісторыю ўзнікнення свята і яго каштоўнасць для нас. З гэтага пачынаецца памяць грамадства, пашана да гісторыі краіны. Адпачынак, апрача іншага, павінен мець выхаваўчы і культурны змест, таму выдатным варыянтам здаецца сумесны прагляд тэматычных фільмаў, наведванне культурна-масавых мерапрыемстваў. Гэты Дзень народнага адзінства прыпадае на нядзелю: цудоўнай традыцыяй для веруючых было б звярнуцца да Бога ў малітве за наш народ.

Баўленне на прыродзе можна спалучыць з наведваннем пахаванняў і помнікаў тым, хто аддаў жыццё за нашае мірнае неба над галавой. Іх багата на Беларусі – бо краіна наша заплаціла непамерным коштам за сваю незалежнасць. Цудоўна, калі бацькі прывязуць унукаў на свята ў вёску да дзядуль і бабуль, а тыя, у сваю чаргу, будуць разглядаць з малымі старыя фотакарткі, расказваць пра гісторыю сваёй сям’і, пазнаёмяць іх са старымі рэчамі, больш раскажуць пра родны куток. Усё гэта і ёсць непаўторныя ніці яднання, што сплятаюцца ў агульнае палотнішча нашага нацыянальнага адзінства.

Нам застаецца падзякаваць Дзмітрыю Каржу за цікавы і змястоўны дыялог. Віншуем усіх з надыходзячым Днём народнага адзінства! Упэўнены, што разам мы здольныя захаваць і памножыць усё тое, чым багатыя і адметныя.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о