Прынята лічыць, што дарожнік – мужчынская прафесія, але ці так гэта на самой справе? Знаёмцеся, Таццяна Азёма – дарожны рабочы філіяла Петрыкаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення, жанчына, якая прысвяціла дваццаць гадоў службе па чысціні і ўтульнасці дарог Петрыкаўшчыны.
“Яна ў нас прыгажуня”, – сказалі мужчыны мясцовага ДРБУ, як толькі я спытала пра Таццяну Валянцінаўну. І гэта аказалася чыстай праўдай. Насустрач мне выйшла прыгожая, абаяльная жанчына з ветлівай усмешкай. Нават спецвопратка яе не сапсавала, наадварот – яркі аранжавы колер толькі падкрэсліў яе прывабнасць і стройную фігуру. Жанчына ў такой прафесіі – з’ява рэдкая. Нядзіўна, што мая гераіня не раз станавілася аб’ектам увагі кіроўцаў, якія дзівіліся, убачыўшы на дарозе далікатную зямлячку ў спецвопратцы з рабочым інструментам у руках.
– Працу нашу лёгкай не назавеш. Мне з калегамі многае даводзіцца выконваць: ямачны рамонт на дарогах, знакі мяняць, абнаўляць дарожную разметку, чысціць прыпынкі ад снегу, пасыпаць сумессю, каб людзям камфортна было хадзіць, Таму, асноўны мой інструмент – лапата, венік, пэндзлік, – дзеліцца зямлячка. Працуем круглы год і ў любое надвор’е на вуліцы. Да дадзеных умоў прывыкла, даўно ўжо ўцягнулася ў такую, можна сказаць, не жаночую працу.
Дарожнік прызнаецца, што для якаснай працы ад яе патрабуецца працавітасць, цярпенне, добрасумленнасць, галоўнае – не адлыньваць. І яна імкнецца адпавядаць дадзеным патрабаванням.

– Скажу шчыра: мне падабаецца мая праца, люблю наш дружны, згуртаваны калектыў, у якім адчуваю сябе камфортна. Адчуваю побач плячо калег: улічваючы спецыфіку працы, звязаную з уздымам грузаў, мужчыны імкнуцца засцерагчы мяне ад узняцця цяжару, – прызнаецца гераіня.
Таццяна Валянцінаўна заўсёды радуецца, калі ўсё ў парадку на дарогах раёна. Ёй прыемна, што дзякуючы працы дарожнікаў, мясцовасць выглядае прыгажэйшай.
Да малой радзімы ў суразмоўцы асаблівае трапяткое стаўленне. Многае звязвае яе з Петрыкаўшчынай, і жыць зямлячцы тут камфортна і ўтульна. Гераіня, ураджэнка райцэнтра. Пасля заканчэння дзевяці класаў першай гарадской школы атрымала спецыяльнасць повара. Папрацаваўшы крыху, зразумела, што гэта не яе. Менавіта тады, у 2004 годзе, і паступіла прапанова ад сваячкі пайсці ў дарожную службу. Таццяна Валянцінаўна вырашыла паспрабаваць сябе на новай ніве, у галіне якой да гэтага часу і працуе.
Імя жанчыны не раз значылася ў спісах перадавікоў вытворчасці. Кіраўніцтва шануе работніка за добрасумленную працу, адказны падыход да справы, уласцівае ёй пачуццё калектывізму.
Асоб прыгожага полу у нас у ДРБУ не вельмі многа, праца ўсё ж нялёгкая. У брыгадзе, дзе я працую, з шасці чалавек толькі дзве жанчыны, – адзначае напрыканцы гутаркі суразмоўца. Але тыя, хто працуюць, усе ўстойлівыя і аптымістычныя, выконваюць працу годна і правільна. Я б сказала, мы нічым не горшыя за мужчын.
Мы ж, жыхары Петрыкаўшчыны, па праву ганарымся зямлячкамі, якія звязалі сваё жыццё з рабочымі прафесіямі. Усе яны адданныя працаўніцы – жанчыны з вялікай літары!
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий