Напярэдадні Дня Незалежнасці, 78-гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь і Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама 499-годдзя з дня заснавання горада Петрыкава ў райцэнтры адбылася значная і радасная падзея: ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты акушэрска-гінекалагічны корпус цэнтральнай раённай бальніцы

Месца, дзе нараджаецца шчасце

У апошнія гады на Петрыкаўшчыне назіраецца павелічэнне колькасці маладых сем’яў і нованароджаных, таму рэканструкцыя і капітальны рамонт акушэрска-гінекалагічнага корпуса – падзея не толькі доўгачаканая, але і неабходная.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, старшыня аблвыканкама Іван Крупко, старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка, прадстаўнікі ААТ “Беларуськалій”, ААТ “Гомельскі аб’яднаны будаўнічы трэст”.
Па меркаванні старшыні аблвыканкама, адкрыццё такой знакавай медыцынскай установы сведчыць пра харошыя перспектывы развіцця раёна, які ўжо актыўна прырастае новымі мікрараёнамі, сацыяльнымі аб’ектамі, насельніцтвам.
– Новыя жыхары Петрыкаўшчыны будуць паяўляцца на свет у гэтым цудоўным раддоме, які якасна адрэстаўрыраваны і ўкамплектаваны самым сучасным спецыялізаваным абсталяваннем, – падкрэсліў Іван Крупко. Губернатар уручыў галоўнаму ўрачу ЦРБ сертыфікат на суму 785 тысяч рублёў.

Месца, дзе нараджаецца шчасце
Са слоў падзякі міністэрству аховы здароўя, кіраўніцтву вобласці і ААТ “Беларуськалій”, а таксама будаўнікам пачаў сваё выступленне кіраўнік раёна. Аляксандр Наўныка павіншаваў прысутных са значнай падзеяй у жыцці горада і раёна, таксама выказаў спадзяванне, што ўжо ў бліжэйшы час радзільнае аддзяленне напоўніцца новымі петрыкаўчанамі і шчаслівымі бацькамі.
– Паважаныя медыцынскія работнікі, ваша праца асаблівая, таму што людзі прыходзяць да вас за шчасцем. Поспехаў вам у працы і ўсмешак удзячных пацыентаў, – адзначыў у віншавальнай прамове Аляксандр Наўныка.

Месца, дзе нараджаецца шчасце
– Служба аховы мацярынства і дзяцінства была, ёсць і застаецца прыярытэтам развіцця сістэмы аховы здароўя дзяржавы ў цэлым, як і маладзёжная палітыка, – падкрэсліў Дзмітрый Піневіч. – Новыя радзільныя дамы, іх рэканструкцыя, увядзенне новых магутнасцей, як правіла, праводзяцца ў невялікіх населеных пунктах, якія маюць свой патэнцыял. Расце насельніцтва – сістэма аховы здароўя павінна адэкватна адказаць. Райцэнтру жадаю на поўную моц выкарыстоўваць магчымасці сучаснага медыцынскага аб’екта, бо дзеці, як вядома, – будучыня сям’і, рэгіёна, краіны.
Прыгожай і сімвалічнай была цырымонія ўручэння ключа дырэктарам ААТ “Гомельскі аб’яднаны будаўнічы трэст” Сяргеем Кавалёвым галоўнаму ўрачу Вользе Семікопенка. Выхаванцы дзіцячага сада ў вобразе маленькіх “буслікаў”, а з гэтай птушкай на Беларусі звязана шмат прыкмет і павер’яў пра нараджэнне дзяцей, перадалі сімвалічны ключ.
Нараджэнне дзіцяці – важная падзея для кожнай сям’і. А ра-дзільны дом, у сваю чаргу, – не проста месца, дзе з’яўляецца на свет новае жыццё. Разам са знешняй атмасферай тут важная і ўнутраная – духоўная. Абрад асвяшчэння правёў настаяцель Храма Узнясення Гасподня пратаіерэй Дзмітрый Пасечнік.

Месца, дзе нараджаецца шчасце
Разрэзаная чырвоная стужка абвясціла: аб’ект адкрыты!
Разам з пачэснымі гасцямі, захаваўшы ўсе санітарныя нормы, завіталі ў святая святых – радзільнае аддзяленне. У час экскурсіі па аддзяленні галоўны ўрач ЦРБ Вольга Семікопенка распавяла пра сучасныя ўмовы, абсталяванне і магчымасці, якія з увядзеннем аб’екта набываюць жанчыны Петрыкаўшчыны, якіх не многа не мала – 15 тысяч. Апошнія два гады экстраную, планавую гінекалагічную і акушэрскую дапамогу аказвалі ў хірургічным аддзяленні, куды на час рамонтных работ перасялілася гінекалагічнае аддзяленне. Па меркаванні галоўнага ўрача, праз год – гэта будзе ўжо новая бальніца: у жніўні рады медыцынскага персаналу папоўняць 19 урачоў і 14 прадстаўнікоў малодшага медперсаналу.
У бліжэйшай перспектыве – устаноўка ў ЦРБ пры садзеянні міністэрства аховы здароўя камп’ютарнага тамографа, які дазволіць пашырыць дыягнастычныя магчымасці ў аказанні медыцынскіх паслуг насельніцтву.
У час размовы з медперсаналам, міністр зазначыў: з 1 ліпеня па рашэнні кіраўніка дзяржавы будуць дастаткова значныя надбаўкі да заработнай платы ў сістэме аховы здароўя, якія закрануць усіх медыцынскіх работнікаў.
Сукупнасць усіх гэтых фактараў сведчыць пра комплексны падыход да паляпшэння якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі.
– Асноўная задача, якую паставіў перад намі Прэзідэнт: даступнасць усіх відаў медыцынскай дапамогі насельніцтву, незалежна ад месца пражывання. Таму, вядома ж, там, дзе, з нашага пункту гледжання, гэта апраўдана, тэхналогіі прыходзяць амаль у поўным аб’ёме да нас дадому, – удакладніў кіраўнік ведамства.
Наведала дэлегацыя і першых пацыентаў адноўленага акушэрска-гінекалагічнага корпуса. Першую народжаную ў адноўленым радзільным доме дзяўчынку Мілану і яе шчаслівую маці Вольгу павіншавалі губернатар вобласці Іван Крупко і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Прадстаўнікі ўлады пажадалі маладой сям’і не спыняцца і павышаць сваю кваліфікацыю маці, нараджаючы дзетак у такой цудоўнай сучаснай установе, у самай лепшай краіне на свеце – нашай Беларусі.

Месца, дзе нараджаецца шчасце

Галіна КАЗАК.
Фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о