Маладыя спецыялісты выбралі прафесію сэрцам

0
828

Сёлета сярэднія школы горада Петрыкава папоўніліся новымі педагогамі. Мы па традыцыі вырашылі пазнаёміць вас, паважаныя чытачы, з маладымі спецыялістамі. Забягаючы наперад, прыемна адзначыць, што ўсе нашы героі абралі сваю прафесію сэрцам.

Маладыя спецыялісты выбралі прафесію сэрцамАндрэй БАМБІЗА ішоў да прафесіі з дзяцінства. Як толькі ў школе пачалі выкладаць працоўнае навучанне, так і стаў гэты ўрок самым любімым. Майстраваць з дрэва вучню давалася лёгка. А калі выпаў шанец вызначацца з будучай прафесіяй – скарыстаўся ім.

“Літаральна пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання мне патэлефанаваў дэкан факультэта “Агульнатэхнічныя дысцыпліны і праца” Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта і прапанаваў навучанне менавіта ў іх установе. Я тады сам сабе падумаў: “Ух ты! Ды гэта ж тое, пра што я марыў!” Так і вырашыўся мой лёс. Я падаў дакументы ў ВНУ, праз пяць гадоў навучання вярнуўся ў родную сярэднюю школу № 2. Тут мяне, выпускніка, сустрэлі як роднага. Калегі дапамагаюць разабрацца ў дакументацыі, аказваюць дапамогу і ў іншых немалаважных адукацыйных пытаннях. Па суботах вяду аб’яднанне па інтарэсах, на якое могуць запісацца як юнакі, так і дзяўчаты. Працаваць настаўнікам падабаецца. Не думаю, што звярну з вызначанага шляху”.

Маладыя спецыялісты выбралі прафесію сэрцамАліна МАЛАШЭНКА яшчэ ў школьныя гады зразумела, што хоча стаць настаўнікам. Працаваць з дзецьмі ёй падабалася. “Чаму б не зрабіць захапленне сваёй прафесіяй? – падумала дзяўчына і цвёрда вырашыла: трэба паступаць на педагагічны факультэт.
“Я скончыла Капаткевіцкую сярэднюю школу, а потым паступіла на настаўніка малодшых класаў у Мазырскі педагагічны інстытут імя Івана Шамякіна. Вучоба мне падабалася, на практыцы ў чарговы раз пераканалася, што знайшла сваё прызванне. Сёння ва ўсю моц унікаю ў тонкасці працы настаўніка ў якасці маладога спецыяліста ў сярэдняй школе № 2. Зараз вяду навучанне ў другім класе. Педагогі і адміністрацыя школы дапамагаюць, падказваюць. Прызначаны куратар Алена Служэнка – мой асноўны праваднік у сферы педагогікі. З вялікім задавальненнем прыступіла да сваіх абавязкаў. Галоўнае для мяне зараз – стаць прафесіяналам абранай сферы”.
Аліна таксама мае хобі, у вольны час любіць вышываць і ствараць розныя вырабы.

Маладыя спецыялісты выбралі прафесію сэрцамДанііл ГРЫГОР’ЕЎ нарадзіўся ў Петрыкаве. Пасля заканчэння 9 класа ў сярэдняй школе № 2 паступіў у сельскагаспадарчы каледж у горадзе Калінкавічы, а затым у Мазырскі педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Настаўнік фізічнай культуры».
“На выбар прафесіі паўплывала тое, што я люблю займацца спортам, – пачаў Данііл. – Абраў дадзеную прафесію, бо жадаў перадаць свой досвед вучням.
У маёй роднай школе сустрэлі добра, за мной замацаваны куратар Дзмітрый Дрэвіла. Дзякую яму за дапамогу, на ўсе мае пытанні ён дае адказы”.
Па словах маладога спецыяліста, настаўнік – гэта адказная пасада, якой трэба адпавядаць.
“Настаўнік – гэта другі бацька. Каб знайсці кантакт з вучнямі неабходна ў першую чаргу ведаць псіхалогію дзяцей.
На дадзены момант жыву з бацькамі. Пытанне жылля пакуль не стаіць. Не загадваю на будучыню. Маё правіла – ісці да канца і ніколі не спыняцца”, – адзначыў суразмоўца.

Маладыя спецыялісты выбралі прафесію сэрцамКрысціна МАЛОК не хавае радасці ад першага працоўнага месца. Гаворыць, выкладаць біялогію ў сярэдняй школе № 1 ёй вельмі падабаецца, адміністрацыя і педагогі не толькі прафесіяналы сваёй справы, а і адкрытыя і спагадныя людзі, гатовыя ў любы час прыйсці на дапамогу.
“Без памылак і нейкіх неспа-дзяванак не абыходзіцца, але гэта таму, што я малады спецыяліст і толькі ўнікаю ў тонкасці сваёй прафесіі. Безумоўна, досвед у час праходжання практыкі ў мяне ёсць, але гэта не параўнаць з першым працоўным месцам. З дзецьмі таксама пашанцавала – яны добрыя, адкрытыя і пазітыўныя. Здаецца, мы знайшлі кантакт. Цяпер я класны кіраўнік у 8 “А” класе”.
На пытанне, што паўплывала на выбар прафесіі, дзяўчына адказала так: “Я проста люблю прыроду і жывёльны свет. У школе шмат надавала ўвагі біялогіі і хіміі, таму і спецыяльнасць выбрала адпаведную. А на ветэрынара не пайшла, таму што не пераношу віду крыві”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о