Летняя занятасць непаўналетніх: новыя фарматы, зберажэнне здароўя, бяспека

0
343

Летняя занятасць непаўналетніх: новыя фарматы, зберажэнне здароўя, бяспека

На гэтым тыдні прайшло пасяджэнне пастаяннай камісіі Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў па сацыяльных пытаннях. На парадку дня: арганізацыя карыснай занятасці непаўналетніх у летні перыяд 2023 года на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна.

На пачатку мерапрыемства намеснік старшыні пастаяннай камісіі Святлана Сянько адзначыла: пытанне павінна быць дасканальна прааналізавана і вынесены дзейсныя рашэнні для далейшай працы. Пра праведзеную работу аддзелам адукацыі па арганізацыі вольнага часу навучэнцаў у канікулярны перыяд выступіла начальнік галіны Людміла Жукавец. Летняя кампанія на Петрыкаўшчыне арганізавана па наступных напрамках: работа аздараўленчых, турыстычна-краязнаўчых, палатачных неперасоўных лагераў, лагераў працы і адпачынку. Больш за тысячу вучняў пройдуць аздараўленне на базе школ раёна і каля дзвюх тысяч планюць свой вольны час правесці ва ўстановах адукацыі.

У канікулярны перыяд адкрыюць дзверы 46 лагераў для 811 навучэнцаў. З іх 717 месцаў прадаставяцца прышкольным аздараўленчым лагерам з дзённым знаходжаннем і 94 месцы з кругласутачным. На базе першых будуць працаваць 6 міжведамасных праграм: сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, ваенным камісарыятам, Петрыкаўскай раённай бальніцай, два – аддзелам унутраных спраў. Прафарыентацыйныя лагеры будуць адкрыты пры садзейнічанні РАНС, РАУС, ЦРБ, лясгаса, таварыства выратавання на водах. Усяго ў такой форме ўзаемадзеяння будзе задзейнічана 245 дзяцей. У летні перыяд будуць функцыяніраваць 4 спартыўна-аздараўленчыя лагеры для 140 дзяцей, 11 лагераў працы і адпачынку для 120 дзяцей: 7 з якіх у супрацоўніцтве з суб’ектамі гаспадарання, 4 – з упраўленнем па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама. На працягу ўсіх летніх месяцаў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі будзе арганізавана работа ігравых, спартыўных, культурна-масавых пляцовак з пераменным складам дзяцей, як у ранішні, так і вячэрні час, работа камп’ютэрных класаў, спартыўных залаў. Людміла Мікалаеўна дадала, што кожны год укараняюцца новыя формы работы з дзецьмі. Напрыклад, упершыню будзе рэалізаваны праект “Інфарм-дайджэст”, у рамках якога будзе створаны відэаролік пра ўнікальныя падзеі, людзей, значныя мясціны Петрыкаўшчыны. Вынікам работы стане выраб інтэрактыўнай карты раёна з размяшчэннем на ёй клікабельных кропак. Раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі запланаваў правядзенне інклюзіўнай змены для дзяцей-інвалідаў, дзе педагогі створаць спецыяльныя ўмовы для навучання дзяцей зносінам з навакольным светам.
Пра жаданне непаўналетніх праявіць ініцыятыву ў добрых справах паведаміла першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Дар’я Туравец. Каля 140 старшакласнікаў вырашылі паспрабаваць свае сілы ў студэнцкіх атрадах. Прычым сферы дзейнасці разнастайныя: гандаль, лясная, камунальная гаспадаркі, сельгаспрадпрыемствы.

Тэма не засталася не заўважанай з боку ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва. Намеснік начальніка ўпраўлення Ганна Кароль паведаміла, што для часовай занятасці сваіх падапечных за кошт сродкаў Фонду 11 устаноў адукацыі падрыхтавалі праекты на суму больш за 24 тысячы рублёў. Маладымі людзьмі будуць выкананы такія віды работ як стварэнне стэндаў, швейных вырабаў, у тым ліку для дамоў-інтэрнатаў.

Важным складальнікам летняга адпачынку з’яўляецца арганізацыя мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў. Алена Гурына, інспектар па справах непаўналетніх Петрыкаўскага РАУС, расказала пра распрацаваны комплекс мер па недапушчэнні супрацьпраўных дзеянняў падлеткаў.

Пры вынясенні рашэнняў Святлана Уладзіміраўна адзначыла, што складзеная сумесная работа педагогаў, бацькоў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, структур прафілактыкі дазволіць дзецям якасна аздаравіцца і карысна адпачыць.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о