Героі жывуць побач. Тамара Рудзько выратавала незнаёмых людзей

0
796

Неабыякавая, смелая і рашучая жанчына, гатовая ў экстрымальнай сітуацыі прыйсці на дапамогу, здольная з рызыкай для ўласнага жыцця выратаваць незнаёмых людзей, сёлетні пераможца абласнога конкурсу МНС “Выратавальнік года” – усё гэта пра гераіню рубрыкі “Нашы людзі” Тамару Рудзько.

У той зімовы ранак Тамара разам з мужам вярталася з хлебазавода. Сямейная пара працуе ў раённым філіяле райспажыўтаварыства на аўталаўцы і ехала, гружаная таварам, па сваіх службовых справах. Увагу жанчыны захапіў дым і языкі полымя, што выбіваліся з прыбудовы крайняй у мяжы горада хаты. Думка, што адбываецца нешта страшнае з’явілася адразу, і Тамара прапанавала мужу спыніцца. Доўга не разважаючы, накіраваліся да месца здарэння.

Героі жывуць побач. Тамара Рудзько выратавала незнаёмых людзейПакуль беглі да ахопленага дымам і полымем будынка, выклікалі выратавальнікаў. Не губляючы час жанчына кінулася да пабудовы і пачала гучна стукаць у дзверы. Час быў ранні – і гаспадары, і суседзі салодка спалі. Аднак Тамара не пераставала стукаць у дзверы і крычаць – агнём ужо быў ахоплены дах прыбудовы. Нарэшце з хаты выйшлі спалоханыя заспаныя жанчыны-пенсіянеркі, грукат Тамары і крыкі разбудзілі іх – можна было супакоіцца: людзі выратаваны. Пачаў ужо страляць шыфер, муж прапанаваў адагнаць машыну гаспадароў убок – была рызыка, што адскочыць шыфер і папсуе тэхніку, аднак у стане шоку і разгубленасці жанчыны не маглі знайсці ключы. Літаральна праз некалькі хвілін раздаліся сірэны пажарных машын. Медыкі, якія прыбылі ўслед за выратавальнікамі, прыняліся аказваць дапамогу жанчынам.

Супрацоўнікам РАНС, дзякуючы аператыўнаму апавяшчэнню сямейнай пары, удалося ў той дзень выратаваць і домаўладанне. Полымем схапіліся і закапціліся дымам толькі прыбудовы. Дым ужо запоўніў домаўладанне, аднак узгарання не дапусцілі.
Пра свой, без перабольшання, мужны ўчынак Тамара Вячаславаўна гаворыць сціпла:

– Упэўнена, што на маім месцы кожны кінуўся б на дапамогу. Не, пра небяспеку не паспела падумаць (усміхаецца). Думала, што пад ранак самы салодкі сон, як разбудзіць гаспадароў. На шчасце, паспелі! Ведаеце, я была ўражана работай нашых выратавальнікаў: як жа смела, рашуча і аператыўна яны працуюць. У іх, літаральна, адлажаны кожны рух, зразумела: у справе выратавання людзей на пажары заўсёды ідзе адлік не тое што хвілін – секунд. Прыемна, што разам у нас атрымалася і людзей выратаваць, і маёмасць захаваць. Добра, што ўсё добра скончылася. Калі даведалася, што будуць мяне ўзнагароджваць, то неяк і няёмка стала. Упэўнена: на маім месцы кожны гэтак жа паступіў.

Аднак, пагадзіцеся, прыйсці на дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду, – не марудзячы, рызыкуючы сабой, здольны толькі чалавек адважны, рашучы і неабыякавы. І наша гераіня менавіта такі чалавек.
Штодзень разам з мужам Яўгенам Тамара здзяйсняе свой маленькі працоўны подзвіг, калі на аўталаўцы, не зважаючы на надвор’е і працоўны час, які не вымяраецца 8-мю гадзінамі, спяшаецца ў самыя аддаленыя вёскі Петрыкаўшчыны, дзе яе чакаюць землякі: маладыя і сталыя, адзінокія і сямейныя.
У сям’і гераіні падрастаюць двое дзетак: дачушка перайшла ў сёмы клас, сынок – у другі.

Быў час, калі Тамара і Яўген спрабавалі “асесці” ў сталіцы – пасля вяселля маладыя людзі некаторы час жылі ў Мінску, аднак пасля зразумелі, што дома зручней: і бацькі побач, і з дзецьмі будзе прасцей. Пераехалі і сёння ніколькі пра гэта не шкадуюць.
Будучы чалавекам надзвычай неабыякавым і дзейсным, жанчына непакоіцца пра сённяшні стан спраў у філіяле райспажыўтаварыства. Тамара Вячаславаўна памятае часы росквіту гандлю на Петрыкаўшчыне. Дзіўна нават: горад расце, як і спажывецкі попыт насельніцтва, а гандлёвыя аб’екты закрываюцца. Так, ёсць дэфіцыт кадраў, аднак галоўная праблема, па меркаванні жанчыны, слабая матэрыяльна-тэхнічная база спажыўкааперацыі раёна. Таму і прадаўцы не спяшаюцца заняць вакантныя месцы, тавараабарот слабы, адпаведна невялікі і заробак. Аднак Тамара Вячаславаўна шчыра аддана сваёй прафесіі і спадзяецца, што спажыўкаааперацыю раёна яшчэ чакаюць светлыя часы.

На развітанне яшчэ раз віншуем Тамару з узнагародай у намінацыі “Выратавальнік года” і жадаем зямлячцы сямейнага дабрабыту і прафесійных поспехаў.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о