Гімназісты – наш гонар

0
817

Гімназісты – наш гонар

Днямі былі падведзены вынікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Гімназісты горада Петрыкава паказалі сябе на самым высокім узроўні, заваяваўшы дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў. Такая колькасць дыпломаў за адзін сезон – выключны выпадак.

Сваімі ўражаннямі ад алімпіяды падзялілася вучаніца 11 класа Ганна Ганчар, якая атрымала дыплом І ступені па грамадазнаўстве. Дарэчы, гэта ўжо трэцяя запар перамога дзяўчыны.

“Алімпіяда была арганізавана на самым высокім узроўні. Не было лішняй мітусні, што паляпшала яе ход. У першым этапе я справілася з заданнямі за тры гадзіны, у другім – за гадзіну. Ці хвалявалася? Зразумела, але я была ўпэўнена ў сваіх сілах, гэтаму папярэднічала мэтанакіраваная падрыхтоўка на працягу некалькіх гадоў. Канкурэнцыя адчувалася сур’ёзная. Кожны, як і я, жадаў перамагчы. Дзякуючы алімпіядзе, я ўжо акрэсліла пэўны вобраз сваёй будучыні”, – агучыла Ганна.

Кірыл Адамоўскі, які атрымаў дыплом ІІ ступені па гісторыі, наступным чынам ахарактарызаваў свой удзел у алімпіядзе: “Шчыра кажучы, я не задаволены вынікам, нацэльваўся на першае месца. Мне здаецца, не ўсе заданні адносіліся да гісторыі, хутчэй, да грамадазнаўства. І гэта паўплывала на канчатковы вынік”.

Сур’ёзна гісторыяй Кірыл займаецца з 5 класа. Па яго словах, прадмет – не толькі навука. “Гэта яшчэ і спосаб зразумець наш свет і змяніць яго ў лепшы бок”, – агучыў вучань.

“Такія дзеці нараджаюцца раз у некалькі дзесяцігоддзяў, – адзначыла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Галіна Туравец. – Ганна больш разважлівая вучаніца, а вось з Кірылам, быў час, даводзілася і спрачацца ў нейкіх пытаннях. Дзецьмі ганаруся.

Разам з вучнямі пры пад-рыхтоўцы мы карыстаемся спецыялізаванай літаратурай, праглядваем дакументальныя фільмы, разбіраем заданні мінулых конкурсаў. Мне асабліва прыемна, што Ганна і Кірыл практычна ўвесь свой вольны час прысвячаюць вывучэнню прадметаў. Зразумела, што без пільнай падрыхтоўкі такіх перамог нельга дабіцца. Вучні атрымліваюць не толькі падтрымку з боку кіраўніцтва гімназіі, а і раёна: старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан пераможцаў абласной і рэспубліканскай алімпіяд узнагароджвае ад райвыканкама грашовай прэміяй, вобласці – штогод арганізуецца навагодні бал для таленавітай моладзі, у ліку якіх і нашы дзеці. А яшчэ Ганна Ганчар правяла тыдзень у Паўночнай Асеціі. Паездка стала магчымай дзякуючы праграме Расійскага супрацоўніцтва “Добры дзень, Расія!” пры падтрымцы Рускага дома ў Гомелі”.

Дыплом ІІІ ступені па рускай мове для вучаніцы 9 класа Аляксандры Булавы і яе настаўніцы Людмілы Мчэдлавай стаў сапраўднай узнагародай за складаны працяглы час падрыхтоўкі.

“У момант агучвання вынікаў усё чакала, калі назавуць маё імя. Я прыклала ўсе намаганні, каб атрымаць рэспубліканскі дыплом, хай і не І ступені, – сказала Аляксандра. – Думаю, гэта не апошняя мая алімпіяда. Я паспрабавала свае сілы і ведаю, чаго магу ў выніку дасягнуць. Задумваюся пра сваю будучыню, мне падаецца, што яна будзе звязана з філалогіяй”.

Мы віншуем вучняў і іх педагогаў з такой высокай адзнакай сваёй работы над вывучэннем прадметаў і жадаем не спыняцца на дасягнутым!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о