Дзяржава гарантуе абарону правоў дзіцяці

0
558

Дзяржава гарантуе абарону правоў дзіцяціУ грамадстве склалася меркаванне, што адабранне дзяцей у законных прадстаўнікоў адбываецца ў выпадку пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў. Звычайна да такой крайняй меры прыводзяць п’янства, амаральны лад жыцця дарослых, што нясе небяспеку знаходжання ў сям’і непаўналетніх. Варта ведаць, што, згодна з часткай 1 артыкула 85 Кодэкса РБ аб шлюбе і сям’і, суд можа прыняць рашэнне аб адабранні дзіцяці і перадачы яго на апеку органа папячыцельства без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, калі пакіданне дзіцяці ў асоб, у якіх яно знаходзіцца, небяспечнае для яго.
Алена Панасейка памочнік пракурора Петрыкаўскага раёна раскрыла некаторыя падрабязнасці справы, калі суд Петрыкаўскага раёна вызначыў у адносінах да адной сям’і нашых землякоў менавіта такую пазіцыю.

– Справа была адкрыта ў адносінах да маці і бацькі трох малалетніх дзяцей. Абодва маюць псіхічнае захворванне і знаходзяцца на дыспансерным уліку ў урача-псіхіятра УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”. Указаныя факты нікім не аспрэчваюцца і пацвярджаюцца звесткамі з медыцынскай установы. У адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя РБ дыягназ, які маюць адказчыкі, уваходзіць у пералік захворванняў, пры якіх бацькі не могуць выконваць свае непасрэдныя абавязкі. Гэта пацвярджаюць і матэрыялы справы, у якой прадстаўнікі ўстановы адукацыі, мясцовай выканаўчай улады, структур прафілактыкі прыводзяць факты пагрозы жыццю непаўналетніх у выпадку пражывання з роднымі.

Бацька і маці пражываюць асобна і ў розных населеных пунктах. Жанчына ў сілу свайго развіцця імкнецца сачыць за дзецьмі, аднак часта пакідала іх са староннімі людзьмі. Непераборлівая і няўстойлівая ў сувязях, бо за час назірання за сям’ёй адбывалася частая змена партнёраў. Мужчыны ў нецвярозым стане былі ўхожыя ў дом, дзе жылі непаўналетнія. Дзеці часта належалі самі сабе, у выніку іх свавольства з агнём летам у доме адбыўся пажар. Быў выпадак, калі аднаго з сыноў дарослыя засцераглі ад падзення з балкона другога паверха. Маці, з прычыны свайго псіхічнага захворвання, не разумее, што за дзецьмі трэба сачыць, знаходзіцца побач. Яна таксама мела патрэбу ў аказанні дапамогі пры расходаванні грашовых сродкаў, часта была ў даўгах.

У бацькі дзеці пражываць не могуць па тых жа прычынах: улік у псіхіятра, не адпаведнасць жыллёвых умоў, у дадатак – выпадкі распіцця спіртных напояў. Нягледзячы на неналежнае выхаванне, бацькі не былі пазбаўлены правоў на выхаванне дзяцей: згодна з Пастановай Пленума Вярхоўнага Суда РБ не могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў асобы, якія не выконваюць сваіх абавязкаў з прычыны душэўнай хваробы, або іншага хранічнага захворвання, а таксама па іншых абставінах, якія ад іх не залежаць. Але па заключэнні органа апекі і папячыцельства – мэтазгодна адабранне ў адказчыкаў іх непаўналетніх дзяцей без пазбаўлення бацькоўскіх правоў, што дазволіць абараніць правы дзяцей на жыццё ў бяспечных і годных умовах. Бацька і маці пярэчылі іску, запэўніваючы, што, нягледзячы на наяўнасці ў іх захворвання, яны змогуць самастойна выхоўваць сваіх дзяцей, паколькі яны любяць іх і хочуць быць разам.

Суд падтрымаў орган апекі і стаў на абарону дзяцей, палічыўшы, што пражыванне малалетніх з бацькамі ўяўляе сабой рэальную пагрозу іх жыццю і здароўю.

Запісала Святлана Сабалева.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о