2 кастрычніка адзначаўся Міжнародны дзень сацыяльнага педагога. На Петрыкаўшчыне 27 педагогаў працуюць на такой няпростай пасадзе. На іх ускладаюцца функцыі, ад выканання якіх залежыць камфортнае і належнае жыццё нашых дзяцей як ва ўстановах адукацыі, так і сем’ях.
Наша гераіня – Алена Дзербень, сацыяльны педагог Галубіцкай сярэдняй школы з дваццацігадовым стажам, якая вызначыла для сябе педагагічнае крэда: з кожным вучнем знайсці агульную мову.
– Праца сацыяльнага педагога ў школе заключаецца ва ўзаемадзеянні з дзецьмі, бацькамі, праваахоўнымі органамі, педагагічным калектывам. Ні для каго не сакрэт, бывае, бацькі не могуць або не жадаюць спраўляцца з выхаваннем сваіх дзяцей. Тады для выпраўлення сітуацыі патрэбна падтрымка спецыялістаў, каб накіраваць дзеянні дарослых у патрэбным напрамку, – пачынае суразмоўца. – Немалаважным у нашай дзейнасці з’яўляецца работа па прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх. Калі вучань ужо зрабіў памылку у сваіх паводзінах – патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб паставіць яго на шлях выпраўлення.
Алена Уладзіміраўна не хавае: у працы сацыяльнага педагога ёй дапамагае тое, што яна добра ведае сем’і вучняў школы і выхаванцаў дзіцячага садка. Некалі сама заканчвала старэйшыя класы ў дадзенай установе, а пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага інстытута прыехала сюды на першае месца працы. Хоць сама родам са Снядзіна, Галубіца стала родным месцам, а жыхары – блізкімі людзьмі. З яе слоў, большасць бацькоў ахвотна ідзе на кантакт, бо ведаюць: дзеянні педкалектыву накіраваны толькі на лепшае, са школай патрэбна супрацоўнічаць. У рабоце сацыяльнаму педагогу пры неабходнасці дапамагаюць і раённыя службы прафілактыкі: часты госць ва ўстанове – інспектар па справах непаўналетніх Уладзімір Новік, падтрымку ў рабоце з сем’ямі аказвае дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Алена Макарэвіч.
Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву сацыяльна-педагагічнай службы, якая створана у школе, з бацькоўскай супольнасцю, органамі мясцовай улады, раённымі структурамі прафілактыкі, з нядаўняга часу ва ўстанове адсутнічаюць недобранадзейныя сем’і, а на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх вучні не стаяць.
– Я не бачыла “цяжкіх” ці “замкнёных” дзяцей. Хутчэй – тых, у каго дома існуюць праблемы. На фоне гэтых праблем і ўзнікае агрэсія, – дзеліцца Алена Уладзіміраўна. – Бываюць такія дзеці, якія робяць нешта дрэннае з той прычыны, што хочуць прыцягнуць да сябе дадатковую ўвагу. Але ўсе гэтыя моманты вырашальныя, калі баліць душа за дзяцей. І калі атрымліваецца рэальна ім дапамагчы, даць магчымасць расці паўнавартасным членам грамадства – значыць, я маю прафесійную вартасць і раблю свет лепшым.
- Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий