Канец чэрвеня ўвайшоў у гісторыю нашага горада знамянальнай датай – у апошні дзень месяца, 79 гадоў таму Петрыкаў быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
З канца ліпеня 1941 года гара-джане знаходзіліся пад акупацыяй. Варта ведаць, што першапачаткова немцы не здолелі затрымацца ў горадзе нават на тыдзень – Чырвоная Армія адбіла Петрыкаў і 2 жніўня ў райцэнтр вярнулася савецкая ўлада. За гэты непрацяглы час удалося арганізаваць эвакуацыю пэўнай часткі насельніцтва, тэрмінова сабраць і надзейна схаваць ураджай збожжавых і бульбы. Але пад ціскам акупацыйных войскаў ужо 19 жніўня райкам партыі пакінуў населены пункт.
Фашысты пачалі ўстанаўліваць у райцэнтры жорсткія жандарскія парадкі. У горадзе знаходзіўся варожы гарнізон колькасцю каля тысячы ваенных, з якіх ажно сотню налічваў карны атрад. З гэтага часу жыццё пад акупацыяй было небяспечным для кожнага жыхара. Першапачаткова немцы бязлітасна распраўляліся з яўрэямі, цыганамі, камуністамі і тымі, хто мог мець сувязь з такімі людзьмі.
У горадзе было пабудавана гета, уведзена каменданцкая га-дзіна. Знішчэнне і вываз людзей пайшлі на сотні. Дзяцей забіралі ў лагеры, дзе фашысты збіралі кроў для сваіх параненых, маладыя і здаровыя маладыя людзі перапраўляліся на работы ў Германію, часам станавіліся натуральным таварам для продажу. Нямоглых ці хворых часцей за ўсё забівалі. Трагічныя месцы, такія як узбярэжжа Прыпяці, дзе было знішчана разам каля чатырох соцень чалавек, ці расстрэльная яма на паўночным ускрайку горада, дзе сярод забітых пошукавы батальён знаходзіў рэшткі немаўлят, і зараз памятаюць жыхары. Але жудасныя расправы адбываліся і на вуліцах горада, і на падворках петрыкаўчан.
Акупацыя працягвалася амаль 3 гады. Вось як узгадвае вызваленне Петрыкава начальнік штаба 3-га Лунінецкага Чырванасцяжнага палка 55-ай Мазырскай Чырванасцяжнай дывізіі Фёдар Яравы:
“Першым, 29 чэрвеня, прыступіў да выканання загада 10-ты батальён 107-га палка пад камандаваннем капітана Васіля Турчанінава. Раптоўнай начной атакай чырвонаармейцы выбілі фашыстаў з вёскі Конкавічы. Сілы 2-га батальёна, якім кіраваў капітан Аляксандр Дзюкаў, і 3-га, пад камандаваннем капітана Ягора Арлова, выкарыстаўшы плацдарм 107-га палка ў раёне Конкавіч і Навасёлак, пад прыкрыццём дымавой заслоны, на бранякатарах Дняпроўскай флатыліі пераправіліся праз раку, адцягваючы ўвагу асноўных сіл фашыстаў.
Раніцай наступнага дня полк падняўся ў атаку. Першая задача была выканана: дарога Курыцічы-Петрыкаў перарэзана, вораг пазбавіўся магчымасці манеўру. Праз некаторы час полк быў контратакаваны з напрамку Смятаніч пры падтрымцы танкаў. Завязаўся бой. Варожая тэхніка накіравалася на Петрыкаў, але аддзяленне Івана Грышына сустрэла іх гранатамі. “Тыгры” пачалі весці агонь па пяхоце, воіны засыпалі іх агнём з танкавай гарматы, гранатамі і бутэлькамі з запальнай сумессю. Было падбіта сем “тыграў”, экіпажы танкаў узяты ў палон.”
Агнявы бой зацягнуўся на цэлы дзень. Брыгада катараў Дняпроўскай флатыліі высадзіла дэсант пад камандаваннем малодшага лейтэнанта Мікалая Чалага ў вёсцы Дарашэвічы. На вялікі жаль, малады камандзір сустрэў тут смерць ад снайперскай кулі.
Дэсантнікі і мотастралкі перарэзалі дарогу Петрыкаў-Жыткавічы, каб перакрыць шлях адступлення немцаў. Так, надвячоркам 30 чэрвеня, горад быў акружаны. Пры надыходзе цемры, пасля артылерыйскай падрыхтоўкі, па адзіным сігнале 1-шы батальён палка з поўдня, 228-мы стралковы полк з усходу, і два батальёны 3-га палка з поўначы атакавалі немцаў. Кідаючы тэхніку, фашысты адступалі на захад, аднак сустрэлі супраціўленне ў вёсцы Дарашэвічы. У 23 гадзіны 30 хвілін у райцэнтр увайшлі вызваленцы, па-над Петрыкавам залунаў чырвоны сцяг.
Для ўліку страт была створана Палеская абласная і раённыя камісіі. Кошт адабранай і знішчанай маёмасці па Петрыкаўскім раёне склаў 581,58 мільёна рублёў. Кошт маёмасці, страчанай пры эвакуацыі, кампенсаванне выдаткаў на рамонт склалі 5,476 мільёна рублёў. Іншыя віды страт па раёне склалі 113,43 мільёна рублёў.
Непамерным цяжарам на плечы землякоў лягла задача па аднаўленні народнай гаспадаркі. Катастрафічна не хапала працаўнікоў у калгасах і саўгасах. Сельскагаспадарчай тэхнікі і цяглавай жывёлы амаль не было.
У першы пасляваенны год на Петрыкаўшчыне было пабудавана каля 3-х тысяч дамоў і будынкаў, прыдатных для часовага жыцця. Пачала работу гарадская бальніца. Адчуваўся недахоп спецыялістаў, у прыватнасці – настаўнікаў. З гэтай мэтай у Капцэвічах было створана педагагічнае вучылішча, якое потым перанеслі ў Петрыкаў. Што і казаць, у першыя пасляваенныя гады звыш трох тысяч школьнікаў Петрыкаўшчыны навучаліся дзе прыйдзецца.
Вось што пісала раёнка ў намары ад 6 верасня 1944 года: “Зараз адноўлена 65 калгасаў, 12 жывёлагадоўчых ферм. Распачалі працу 2 сярэднія школы, 5 няпоўна-сярэдніх і 40 пачатковых. Аднавілі працу 3 прамысловыя арцелі, цагельны завод, суднаверф, днямі будзе запушчаны райпрамкамбінат”.
Запрацаваў суднабудаўнічы завод: у 1945 годзе на ваду сіламі калектыву было спушчана 5 суднаў. Пачалі працаваць камбінаты апрацоўчай і лёгкай прамысловасці. Але вайна нагадвала пра сябе жудасным рэхам. Размініраванне працягвалася хіба не дзясятак гадоў, пасля чаго, толькі ў 60-х гадах зямлю ад забалочанасці вызвалялі ўжо меліяратары, а ў вёскі ехалі спецыялісты, што далучалі сельскую мясцовасць да электрасеткі.
Мінула шмат гадоў, сыходзяць з жыцця людзі, што памяталі тыя страшныя часы ваеннага ліхалецця. Маўклівым напамінам стаяць у розных частках горада помнікі, інфармацыйныя дошкі і абеліскі. Глядзіш знізу ўверх на постаць няскоранага марака ў гарадскім парку, а па-над ім – блакіт мірнага беларускага неба. Здаецца, на гэтым і павінна стаяць наша зямля: няхай і надалей непарыўна нас суправаджаюць мір, дабрабыт і памяць…
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара і з адкрытых крыніц.
Оставить комментарий