Прайшло ўжо больш за два дзясяткі гадоў, як мы знаёмыя з Жанам Дубінам. Мы раслі ў адным двары, а зараз, з працягам часу, літаральна на тым жа месцы абмяркоўваем апошнія спартыўныя навіны. За гэты час наш герой вырас з хлопчыка, што захапляўся футболам у мужчыну, трэнера, без якога ўжо цяжка ўявіць спартыўнае жыццё Петрыкаўшчыны.

– У дзяцінстве бацька прывёў мяне ў футбольную секцыю – гульня прыйшлася даспадобы. Здаецца, у свой час мы больш засяроджвалі ўвагу на сваіх захапленнях, бо не было тэлефонаў і планшэтаў. Так я і наведваў секцыю да самага сканчэння роднай першай гарадской школы. Вядома, займаўся не толькі футболам, але і іншымі відамі спорту.

Дзіцячы спорт – падмурак выхавання сталай асобы

У 2011-м годзе надышоў час вызначацца з будучай прафесіяй, я выказаў жаданне паступаць у Магілёўскі інстытут МУС, але пэўныя жыццёвыя акалічнасці абумовілі адказ, які неўзабаве прыйшоў з навучальнай установы. Урэшце высветлілася, што балаў, якія я набраў на цэнтралізаваным тэсціраванні дастаткова для паступлення, але ажыццявіць задуманае не выпадала. Тады вырашыў чакаць прызыву на тэрміновую службу, але мой трэнер Анатолій Занкевіч, якому я вельмі ўдзячны, прапанаваў звязаць сваю будучыню з фізічным выхаваннем, і так я стаў студэнтам Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна, – згадвае Жан.

Дзіцячы спорт – падмурак выхавання сталай асобы
Вучоба прайшла цікава і карысна, а малады чалавек хутка вывеў нашу размову за межы зразумелых для кожнага чалавека тэзісаў, бо заўзятару відаць толькі, так бы мовіць, бачную часціну айсбергу. Біяхімія, біяфізіка, заняткі іншымі відамі спорту, спартыўная псіхалогія, усё гэта – трывалая база, якой павінен валодаць кожны трэнер, каб выхаваць з дзіцяці не толькі спартсмена пэўнага ўзроўню, але і загартаваць патрэбныя рысы характару асобы.

– Многія мяркуюць, што спартыўная работа – ажыццяўленне заняткаў з дзецьмі па вызначаным плане. Маўляў, вось табе група дзяцей, вось мячы, а вось пляцоўка – зрабі з іх праз некалькі год выніковую каманду… Але мала хто задаваўся пытаннем як утрымаць дзяцей, як падтрымліваць іх матывацыю, як з некалькіх дзясяткаў хлопчыкаў стварыць паўнавартасны калектыў, дзе кожны разумее і намагаецца выканаць сваю задачу?

Ведаеш колькі часу ў мяне ёсць, каб зацікавіць дзіця футболам з моманту знаёмства? Ты будзеш здзіўлены, але ўсяго толькі дзве-тры трэніроўкі! Калі адпаведнай работы не правесці – малы больш не прыйдзе. А, між іншым, даводзіцца працаваць і ў больш складаных сітуацыях, калі дзіця не мае жадання займацца футболам, але гэтага хочуць яго бацькі, – тлумачыць Жан Дзмітрыевіч.

Дзіцячы спорт – падмурак выхавання сталай асобы

Па словах нашага героя, разу-мець дзетак і быць з імі на адной плыні дапамагае пастаянная змена дыстанцыі паміж педагогам і выхаванцам. “Напачатку трэніроўкі я выкладчык, у час гульні мы можам быць на полі поруч і я ператвараюся для дзяцей у старэйшага таварыша, сябра, партнёра па камандзе. Мы разам пераадольваем цяжкасці, імкнёмся наперад, забіваем і прапускаем – тады дзеці пачынаюць цягнуцца да свайго настаўніка. А пасля актыўнай часткі занятку я зноў станаўлюся трэнерам, раблю аналіз памылак, ці, наадварот, хлопцы атрымліваюць станоўчыя адзнакі сваёй гульні. Пасля трэніроўкі мы зноў, па-сяброўску можам абмеркаваць матч Лігі чэмпіёнаў ці чэмпіянату Беларусі”, – з захапленнем расказвае спартыўны спецыяліст.

У першы год навучання ў ДЮСШ рабяты гуляюць у мяч. Робіцца гэта як раз для таго, каб чаканне ад футбола ў малога не істотна разыходзілася з цяжкасцямі паўсядзённай спартыўнай работы. Кажучы прасцей, каб не пужаць маленькага футбаліста працай над агульнай фізічнай падрыхтоўкай, адпрацоўкай асобных элементаў. Бо многія мараць гуляць у футбол, але не кожны здольны з першага дня ўпарта трэніравацца. Гэты ж год дапамагае трэнеру вызначыць здольнасці і індывідуальныя асаблівасці кожнага выхаванца. У наступным годзе спецыялісты пачынаюць укладаць падрастаючаму пакаленню не толькі правільнае разуменне гульні, але і пачуццё калектыву. Не абыходзіцца, вядома, і без індывідуальнай работы з кожным футбалістам.

– Гэта, магчыма, не такі заўважны звонку, але вельмі важны напрамак работы. Азірніцеся, нават сярод прафесійных юнацкіх ці, нават, дарослых каманд мы часам можам канстатаваць адсутнасць камунікацыі паміж футбалістамі: ідзе атака, а паўабарона і напа-дзенне маўчыць – ні табе сігналу, ні падказкі. Значыцца, у свой час трэнерскі штаб калектыву не адпрацаваў гэтае пытанне, ігракі не сталі паўнавартасным калектывам. А дапамагае гэтаму натуральнае сяброўства, пераадоленне агульных выпрабаванняў. Таму, скажам, агульны крос на некалькі кіламетраў істотна гуртуе малых.

Дзіцячы спорт – падмурак выхавання сталай асобы

Жан Дубіна працуе трэнерам-выкладчыкам у ДЮСШ Петрыкаўскага раёна з 2015-га года. Першы год працы вызначыў усе кропкі над “і”. Малады чалавек напярэдадні працаўладкавання разумеў, што работа з дзецьмі – справа далікатная і патрабуе вопыту. Вядома ж, не ўсе акалічнасці і пытанні спартыўнага дзіцячага выхавання можна адпрацаваць ва ўніверсітэце. Але работа паказала, што лёс спартыўнага трэнера па душы маладому спецыялісту. У наступным, 2016-м годзе Жана прызвалі на тэрміновую службу. Гэта, па словах трэнера, назаўсёды пакінула след у жыцці: “Я адказна ставіўся да свяшчэннага абавязку, таму без залішніх пытанняў адправіўся служыць у пагранічныя войскі. Але ўвесь час трэнерская работа не адпускала мяне. Ра-зумееш, пасля першага года стаў відавочны плён маёй дзейнасці, каманда пачала паказваць вынікі, мы рыхтаваліся да спаборніцтваў. Таму, як і кожны ваеннаслужачы я думаў пра дом, але не менш згадваў у сваіх думках і дзяцей. Не раз я сніў трэніроўкі, гульні нашай дружыны. Не дзіва, што на працягу двух дзён пасля дэмабілізацыі я зноў пачаў працаваць у ДЮСШ”.

Дзіцячы спорт – падмурак выхавання сталай асобы

Зараз голасам Жана Дзмітрыевіча загучала і петрыкаўская футбольная арэна “Прыпяць” у гульнях першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе. Загучала годна, выразна, ветліва. Гэта абумовіла і новыя знаёмствы і пэўнае, раней невядомае, спазнанне любімай гульні.

На пытанне, ці разумее жонка такое апантанае захапленне футболам, што часам літаральна крадзе хіба не ўвесь вольны час, Жан адказвае з усмешкай:

– Мая каханая Ала Іванаўна таксама выкладчык і добра разумее выдаткі настаўніцкай працы. Так, мы развітваемся, спяшаючыся на працу ранкам і зноў бачымся толькі ўвечары, так, я часцяком выпраўляюся ў камандзіроўкі на спаборніцтвы ці, як зараз, летам – у дзіцячыя лагеры. Але, пэўна, мы б не пабраліся шлюбам, калі б не разумелі адзін аднаго. Наша рашэнне пра стварэнне сям’і было свядомым – да шлюбу спатканні працягваліся 5 гадоў. Я, вядома, пакахаў яе за прыгажосць, але не толькі знешнюю – Ала разумее мяне на паўслове, яна вельмі просты і душэўны чалавек. Адпаведна і ў сям’і ў нас раўнапраўе.

Мы ў сваю чаргу, дзякуем Жану Дзмітрыевічу за шчырую гутарку і жадаем надалей скараць усё новыя спартыўныя вяршыні.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о