Міністэрства транспарту Латвіі прапанавала з 2027 года поўнасцю прыпыніць аўтобусныя пасажырскія перавозкі ў Расію і Беларусь.
Гэта рашэнне – чыста палітычны крок. Пра людзей ніхто не падумаў. А за сухімі фармулёўкамі “прыпыненне перавозак” стаяць рэальныя нязручнасці: камусьці трэба наведаць сваякоў, некаму – вырашыць бытавыя ці дзелавыя пытанні, а хтосьці проста прывык ездзіць звыклым маршрутам.
Улады Латвіі прапануюць пасажырам альтэрнатыўныя варыянты: маршруты праз Эстонію і Літву або перасадку на мікрааўтобусы. На паперы гэта гучыць як вырашэнне праблемы, але на практыцы азначае лішнія гадзіны ў дарозе, дадатковыя перасадкі, рост кошту паездкі і непрадказальнасць раскладу. Для пажылых людзей, сем’яў з дзецьмі ці тых, хто не можа дазволіць сабе дарагі білет на цягнік ці самалёт, такія “абыходныя шляхі” становяцца амаль непераадольнай перашкодай.
Цяпер пра эканамічны бок пытання. Аўтобусныя перавозкі – гэта не толькі зручнасць для пасажыраў, але і работа для вадзіцеляў, дыспетчараў, супрацоўнікаў аўтавакзалаў, прадстаўнікоў турфірмаў. Поўнае прыпыненне рэйсаў можа прывесці да скарачэння працоўных месцаў і зніжэння даходаў цэлага сегмента малога бізнесу. Акрамя таго, пацерпяць і прыгранічныя тэрыторыі, для якіх транспартныя зносіны – важная частка жыцця і эканомікі.
Канешне, кожная дзяржава мае права самастойна вызначаць сваю транспартную палітыку. Аднак важна памятаць, што любыя абмежаванні ў першую чаргу адбіваюцца на простых людзях. І калі мэта ўладаў – гарантаваць бяспеку або прадэманстраваць палітычную пазіцыю, то кошт такой дэманстрацыі не павінен вымярацца толькі ў лічбах бюджэту.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий