Быць гаспадаром на сваёй зямлі

0
374

Быць гаспадаром  на сваёй зямлі

У суботу прайшоў раённы суботнік, мноства землякоў вышлі на вуліцы населеных пунктаў Петрыкаўшчыны, каб зрабіць наш родны край больш чыстым і ўтульным.

Спрадвеку добрыя гаспадары дбалі ў восеньскую пару, каб прыбраць свае падворкі ад лісця, прывесці ў парадак хату і гаспадарчыя пабудовы. А на работы, што патрабавалі агульных намаганняў, збіраліся ўсім паселішчам і ладзілі талаку. У сучасных суботніках прасочваецца сувязь з гэтай старажытнай народнай традыцыяй, бо тое, што не здолее зрабіць адзін, нават самы гаспадарлівы чалавек, заўсёды па сілах згуртаваным землякам.

Шчыраваць жыхары раёна пачалі каля 9-й гадзіны раніцы. Пакуль адны спрытна прыбіралі на вуліцах лістоту, пыл і выпадковае смецце (апошняга, нам падалося, гэтым разам было даволі мала), другія працавалі на работах па азеляненні, а трэція збіралі лістоту і хмызняк у кузавы трактароў.

Ладна працавалі работнікі камунальнай службы, падзяліўшыся, што былыя расліны ў зялёнай зоне на скрыжаванні вуліц Гагарына і Камунальнай саступяць месца ружам. Кустоўе барбарысу і туі высаджвалі спецыялісты спартыўнай галіны раёна на заходняй частцы газона, што прылягае да стадыёна “Прыпяць”.

Шчыра папрацавалі суайчыннікі і ў сельскіх населеных пунктах. Тут істотныя намаганні былі прыкладзены для навядзення парадку і падрыхтоўцы сельскагаспадарчых жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімова-стойлавага перыяду. Акрамя гэтага ўвага гаспадарскага вока не абмінула і тэрыторыю сацыяльных аб’ектаў.

Прыемна было назіраць за калектывамі, дзе і сустракалі нас ахвотна, маўляў, не пакіньце па-за ўвагай і нашу работу, і справа ішла бадзёра. Усё ж праца аб’ядноўвае і дапамагае, дыхаючы свежым паветрам, крыху адысці ад на-дзённых клопатаў і палюбавацца восеньскімі гарадскімі і сельскімі краявідамі, якія мы, у мітусні дзён, не заўсёды заўважаем.

Нібы злітасцівілася дзеля агульнай карыстай справы і надвор’е: няхай сонцам нябесная канцылярыя нас і не песціла, але тэмпература для працы была даволі спрыяльнай.
Хочацца сказаць усім неабыякавым землякам шчыры дзякуй. Разам мы робім наш край больш чыстым, прыгожым і ўтульным.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о