Беларускі саюз жанчын – за моцныя сем’і

0
445

Беларускі саюз жанчын – за моцныя сем’іВыязное пасяджэнне Прэзідыума Гомельскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” прайшло на гэтым тыдні на базе Петрыкаўскага раёна.

Лідары грамадскага аб’яднання рэгіёнаў Гомельшчыны сабраліся разам, каб абмеркаваць ролю і месца Беларускага саюза жанчын у папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў.

Праграма візіту ў наш раён была насычанай і разнастайнай. Пачалася яна з сустрэчы са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Коханам, у час якой кіраўнік раёна пазнаёміў удзельнікаў выязной нарады з перспектывамі развіццця Петрыкаўшчыны і пажадаў усім плённай і прыемнай працы.

У сваю чаргу старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Клічкоўская падзякавала кіраўніцтву раёна за гасціннасць і арганізацыю выязнога пасяджэння Прэзідыума.

Актывісткі БСЖ наведалі гарадскі парк, дзе хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да помніка герою-партызану Васілю Талашу.

Наступны пункт – гарадская гімназія. Калектыў ярка і творча прэзентаваў работу ўстановы адукацыі па тэме “Саюз сям’і і школы ў справах і дасягненнях”. Удзельнікі выязной нарады сталі гасцямі творчай майстэрні “Студыя творчых ідэй”, паглядзелі пастаноўку “Мышы” ўзорнага тэатральнага калектыва “Купалінка” і наведалі восеньскі кірмаш “Шчодрая душа”.

Далей у рамках пасяджэння Прэзідыума актывісткі БСЖ завіталі ў спецыяльнае пра-фесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу №1 лёгкай прамысловасці.

Дырэктар установы Таццяна Білас прадставіла ўдзельнікам сустрэчы вопыт работы педа-гагічнага калектыва па ўмацаванні сямейных каштоўнасцяў у дзяўчат. Як вядома, выхаванкі ўстановы – дзеці, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і, на жаль, у большасці выпадкаў галоўная віна ў гэтым ляжыць на бацьках.

Пра тое, як важна сфарміраваць у дзяцей і сучаснай моладзі сямейныя каштоўнасці, якая работа ў гэтым накірунку праводзіцца райарганізацыяй, установамі культуры і дзіцячым домам сямейнага тыпу сям’і Якубенка – ішла гаворка на дыялогавай пляцоўцы.

Так, старшыня райарганізацыі Святлана Сянько расказала пра асноўныя накірункі дзейнасці, ініцыіраваныя і рэалізаваныя праекты, акцыі.

Дабрачынная акцыя па пасадцы яблыневага саду стала прыгожым завяршэннем сустрэчы ў спецвучылішчы. “Сад надзеі” – вынік сумеснай калектыўнай працы вучаніц установы і прадстаўніц Прэзідыума Гомельскай абласной арганізацыі БСЖ. Назву саду далі сімвалічную. Яно і зразумела: надзея – тое, што трымае і дае нам сілы ў самыя складаныя моманты жыцця. Пакуль жыве ў душы надзея, мы рухаемся наперад.

Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын, як сапраўдныя матулі, падарылі навучэнцам устаноў адукацыі не толькі памятныя падарункі, але і крышачку сваёй любові і клопату.

Завяршыў сваю работу выязны Прэзідыум у аграгарадку Ляскавічы – месцы, якое цудоўна падыходзіць для сямейнага адпачынку. Музей пад адкрытым небам і сафары-парк улюбёныя лакацыі жыхароў не толькі раёна, а і ўсёй краіны.
Мерапрыемства завяршылася, аднак у грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” наперадзе нямала добрых спраў.

Галіна КАЗАК.
Фота Наталлі Петрушэнка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о