Беларусь – крыніца творчасці і натхнення

0
340

Беларусь – крыніца творчасці і натхнення

Летнія творчыя вечарыны ў гарадскім амфітэатры працягваюцца. Першая субота ліпеня падарыла жыхарам і гасцям горада сустрэчу з членам грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, ураджэнцам Луганскай вобласці Аляксандрам Белікам.
Аляксандр Мікалаевіч прапанаваў знаўцам і аматарам літаратурнай творчасці паэтычныя і музычныя творы ўласнага сачынення. На працягу творчага вечара паэта падтрымліваў не менш таленавіты сын Іван, які, ні многа ні мала, аўтар музыкі песенных твораў бацькі.
Тэматычна і жанрава разнастайныя творы задаволілі густы прысутнай на мерапрыемстве рознаўзроставай аўдыторыі. Гучалі вершы, напісаныя Аляксандрам Мікалаевічам ужо ў Беларусі. Па шчырым прызнанні аўтара, на беларускай зямлі яму пішацца лёгка, вобразы і тэмы нараджаюць непаўторныя краявіды, а таксама шчырыя і гасцінныя людзі.
Вечарына прайшла ў цёплай атмасферы, удзячныя гледачы не шкадавалі апладысментаў і пасля завяршэння канцэрта дзякавалі гасцям за цудоўны паэтычны падарунак, якім, без сумнення, стала сустрэча знаўцаў і прыхільнікаў паэтычнага слова ў гарадскім парку.
Мы ў сваю чаргу жадаем творчаму дуэту натхнення і чакаем новых сустрэч.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о