З 1 верасня 2021 года ў Беларусі ўведзены біяметрычныя дакументы, якія пацвярджаюць асобу (ідэнтыфікацыйныя карты), і біяметрычныя дакументы для выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь (у выглядзе пашпартнай кніжкі). Такое рашэнне замацавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавіка 2021 №107.

Пра нюансы атрымання, іх прызначэнне і кошт наш карэспандэнт пагутарыў з начальнікам аддзела па грамадзянстве і міграцыі Петрыкаўскага РАУС Васіліем Валер’евічам СЫЦЬКО.

Біяметрычныя дакументы – гэта сучасна
– Як атрымаць біяметрычныя дакументы?
– Для таго, каб атрымаць біяметрычныя дакументы, неабходна наведаць падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі органа ўнутраных спраў па месцы рэгістрацыі. Працэдура афармлення займае не больш за 15 хвілін. Вельмі зручна. Тут на месцы зробяць фотаздымак, возьмуць адпячаткі пальцаў і лічбавы подпіс. Пры наяўнасці інтэрнэт-банкінгу можна адразу ж аплаціць паслугу. Гэта эканоміць час. Таксама зараз для афармлення розных дакументаў неабавязкова наведванне тых ці іншых арганізацый, атрымаць неабходныя звесткі можна праз адзіную сістэму, увёўшы дадзеныя карты і пацвердзіўшы іх пін-кодам, які вядомы толькі ўладальніку.
– Што ўяўляе сабой ідэнтыфікацыйная карта (ID-карта)?
– Ідэнтыфікацыйная карта знешне падобна на сучасныя правы аўтамабіліста. У яе ўбудавана мікрасхема, на якой захоўваюцца персанальныя даныя ўладальніка: фота, імя, прозвішча і імя па бацьку, дата і месца нараджэння, пол, ідэнтыфікацыйны нумар, нумар дакумента, дата выдачы, тэрмін заканчэння дзеяння і іншыя звесткі, у тым ліку электронны подпіс.
Ідэнтыфікацыйная карта з’яўляецца паўнацэнным дакументам, які сведчыць асобу і дзейнічае толькі на тэрыторыі Беларусі.
– Для чаго тады біяметрычны пашпарт і што ён сабой уяўляе?
– Для паездак за мяжу грама-дзянам Рэспублікі Беларусь неабходна дадаткова атрымаць біяметрычны пашпарт. Знешне ён падобны на “сіні” дзеючы пашпарт узору 1996 года, у ім больш старонак і яны прызначаны галоўным чынам для віз і адзнак на пагра-нічных пунктах. Біяметрычны дакумент дапаможа ўладальніку хутчэй прайсці кантроль на мяжы пры яе перасячэнні, паколькі ў чып такога пашпарта таксама ўнесены электронны лічбавы подпіс, адбіткі пальцаў і фотаздымак яго ўладальніка разам з іншымі персанальнымі дадзенымі адпаведна патрабаванням міжнароднай арганізацыі па грамадзянскай авіяцыі. Як правіла, біяметрычны пашпарт больш прыярытэтны і пры выдачы доўгатэрміновых віз. Да таго ж да адной ідэнтыфікацыйнай карты можна вырабіць некалькі біяметрычных пашпартаў у мэтах выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь, а таксама знаходжання і пражывання за межамі Рэспублікі Беларусь.
– У колькі абыйдзецца выдача біяметрычных дакументаў?
– Указам устаноўлены стаўкі дзяржаўнай пошліны за выдачу (абмен) біяметрычных дакументаў: за ідэнтыфікацыйную карту грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, інвалідам I і II групы – 1 базавая велічыня, іншым грамадзянам Рэспублікі Беларусь – 1,5 базавай велічыні.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія не дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту, ад выплаты дзяржаўнай пошліны вызваляюцца.
За выдачу (абмен) біяметрычнага пашпарта грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, інвалідам I і II групы, а таксама грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія не дасягнулі чатырнаццацігадовага ўзросту, – 1,5 базавай велічыні, іншым грамадзянам Рэспублікі Беларусь – 2 базавыя велічыні.
Адзінай катэгорыяй грамадзян, для каго афармленне ўсіх біяметрычных дакументаў будзе цалкам бясплатна – гэта дзеці-сіраты.
– Якія ж тэрміны афармлення новых дакументаў?
– Тэрміны афармлення дакументаў складаюць 15, 10 і 5 працоўных дзён.
– Ці можна карыстацца звычайнымі пашпартамі?
– Можна. Больш за тое, пры жаданні нават зараз можна аформіць “сіні дакумент”, калі вы па нейкіх прычынах не хочаце атрымліваць “пластык”. Выдача пашпартаў старога ўзору працягнецца на ранейшых умовах. Грамадзяне Беларусі на дадзены момант самастойна вырашаюць, які від дакумента жадаюць атрымаць. Але ўсё ж біяметрычныя дакументы – гэта сучасна. Тым, хто яшчэ не вызначыўся, лепей не зацягваць з выбарам, бо рана ці позна зрабіць яго давядзецца. І, каб потым не стаяць у чэргах, лепш паклапаціцца пра замену пашпарта загадзя.

Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о