Многае ў жыцці беларусаў змянілася з першага дня 2024-га. Так, уступілі ў сілу абноўленыя Працоўны і Падатковы кодэксы, папраўкі ў якія закрануць літаральна кожнага жыхара краіны. У некаторых катэгорый грамадзян вырастуць заробкі і пенсіі, а яшчэ “пацяжэюць” жыллёва-камунальныя паслугі.

У матэрыяле мы сабралі ўсе студзеньскія новаўвядзенні, пра якія варта ведаць.

Зарплата ў два этапы

З 1 студзеня ў краіне пачаў працаваць абноўлены Працоўны кодэкс. Новаўвядзенні прадугледжваюць выплату зарплаты не радзей як два разы на месяц: адзін раз аванс і затым зарплата. Раней арганізацыі выплачвалі ЗП работнікам, з якімі заключаны кантракты, не радзей за адзін раз у месяц.

Гібрыдная работа

Яшчэ ў кодэксе з’явілася такое паняцце, як гібрыдная работа. Супрацоўнікі, напрыклад, офісных арганізацый змогуць чаргаваць працу на выдаленні і непасрэдна ў кампаніі.

Выхадны на медагляд

Дзякуючы зменам у Працоўным кодэксе ў нас з’явілася магчымасць атрымаць выхадны пры праходжанні дыспансерызацыі. Людзі да 40 гадоў могуць быць вызваленыя ад працы на адзін дзень раз на тры гады. Супрацоўнікі, якім ужо споўнілася 40 і старэйшыя, змогуць праходзіць медыцынскі агляд з захаваннем заработнай платы штогод, але ўкласціся трэба ў адзін дзень. Жанчыны старэйшыя за 53 гады і мужчыны старэйшыя за 58 гадоў змогуць разлічваць на два дні дыспансерызацыі штогод.

Шматдзетным бацькам – яшчэ льготы

Папраўкі ў Працоўны кодэкс прадугледжваюць яшчэ некаторыя льготы для шматдзетных бацькоў і тых, хто выхоўвае дзіця-інваліда. З гэтага году ім дадуць выбар – узяць дадатковы выхадны раз у тыдзень або скараціць працоўны дзень на гадзіну. Цяпер у гэтай катэгорыі грамадзян ёсць права на штотыднёвы дадатковы выхадны.

Акрамя таго, можна будзе атрымаць трохдзённы сацыяльны водпуск з захаваннем зарплаты (калі пажадае наймальнік) з нагоды вяселля або нараджэння дзіцяці. Цяпер бацька або айчым пры нараджэнні дзіцяці можа ўзяць на працы водпуск не больш як на 14 дзён без захавання ЗП.

“Мінімалка” вырасла

З 1 студзеня ў рэспубліцы вырас мінімальны заробак. Цяпер ён складае 626 беларускіх рублёў. Апошні раз ён павялічваўся ў студзені 2023-га і за гэты перыяд падрос на 72 рублі ці на 13%. У 2022-м памер “мінімалкі” змяняўся пяць разоў, у 2023-м – толькі адзін.

Бюджэтнікі стануць крыху багацей

Таксама з пачатку 2024 года ў Беларусі павысіўся памер базавай стаўкі – да 250 рублёў. У 2023 годзе яна расла двойчы: з 1 студзеня складала 228 рублёў, з 1 верасня павялічылася да 235 рублёў.

Такім чынам, паказчык, які праз сістэму каэфіцыентаў і даплат фарміруе заробак работнікаў бюджэтнай сферы (настаўнікаў, медыкаў, бібліятэкараў, прадстаўнікоў культурнай сферы і гэтак далей), падрасце з 1 сту-дзеня 2024-га адразу на 15 рублёў.

Вырасла базавая велічыня

Памер базавай велічыні, які ўлады карэкціруюць штогод, таксама змяніўся з 1 студзеня. Ён складае 40 рублёў (раней быў 37).

Нагадаем, што гэты паказчык выкарыстоўваюць у краіне ў якасці асновы для разліку цэлага шэрагу выплат – пенсій, дапамог, стыпендый, а таксама вызначэння памераў штрафаў, падаткаў і розных пошлін.

“Пацяжэе” камуналка

Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі пераглядаюць у Беларусі два разы на год – з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Раней рост камуналкі абмяжоўвалі доларавым эквівалентам: за год сярэднестатыстычная жыроўка на двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі магла “пацяжэць” не больш як на пяць долараў.

Аднак нядаўна тарыфы адвязалі ад амерыканскай валюты, прывязаўшы да базавай велічыні. Згодна з указам Прэзідэнта, рост ЖКП не павінен перавышаць 0,5 БВ (18,5 рублёў па стане на 2023 год).

Павялічыўся стаж для прызначэння пенсіі

У Беларусі працягваецца пенсійная рэформа, распачатая ў 2017 годзе. З 1 студзеня 2024-га на паўгода вырасце страхавы стаж, які трэба назапасіць для таго, каб пачаць атрымліваць працоўную пенсію. Ён складзе 19,5 гадоў.

Страхавы стаж – гэта час, за які арганізацыя, у якой вы працуеце, выплачвае за вас унёскі ў ФСАН. У гэты стаж не ўваходзіць вучоба ў ВНУ, служба ў войску, дэкрэтны водпуск. Штогод мінімальны парог страхавога стажу, які неабходны для назначэння пенсіі, павялічваецца на паўгода. У 2025-м для атрымання працоўнай пенсіі спатрэбіцца ўжо 20 гадоў.

Акрамя таго, у 2024 годзе для разліку пенсіі будуць улічваць заробак за апошнія 30 гадоў (годам раней – 29 гадоў). Гэта значыць, што чалавек, перш чым выйсці на заслужаны адпачынак, павінен падаць даведкі пра свой заробак, які ён атрымліваў на працягу трох дзесяцігоддзяў.

Дарэчы, у 2024 годзе пенсіі па ўзросце ў Беларусі павінны вырасці на 15 %.

Падатак для багатых

У пачатку года “запрацуе”  абноўлены Падатковы кодэкс. У рэспубліцы з’явіцца так званы падатак на багацце. Тыя, хто атрымлівае больш за 200 тысяч рублёў за год, будуць абавязаныя заплаціць падаходны падатак 25%. Звычайная стаўка, якую работнікі плацяць са свайго заробку, складае 13%.

Як заяўлялі ў Мінфіне, абавязак выплачваць павышаны падатак закране каля дзвюх тысяч чалавек, у якіх ёсць звышдаходы.

Падвышаная стаўка для ІП

Акрамя падатку для багатых, уводзіцца і падвышаная стаўка для ІП – 30%. Яна будзе дзейнічаць пры валавой выручцы больш за 500 тысяч рублёў за год, а ў наступным годзе прадпрымальнік павінен будзе трансфармаваць сваю дзейнасць у юрыдычную асобу.

Выраслі стаўкі транспартнага падатку

З 1 студзеня больш падат-каў прыйдзецца плаціць ула-дальнікам Ferrari, Maybach, Maserati і іншых прэміяльных і спартыўных аўтакараў падвышанай камфортнасці з тэрмінам эксплуатацыі не больш за тры гады з даты выпуску. Справа ў тым, што стаўка транспартнага падатку для гэтых аўтамабіляў будзе павялічана ў 10 разоў.

З прыняццем абноўленага Падатковага кодэкса стаўкі транспартнага падатку павысяцца ў цэлым для ўсіх. Напрыклад, за легкавое аўто з максімальнай дазволенай масай да 1,5 тоны фізічным асобам давядзецца заплаціць 66 рублёў (раней 61 рубель).

Такім чынам, калі гэта будзе новая машына падвышанай камфортнасці, стаўка для яе складзе 660 рублёў. Мяркуецца, што падатак на дарагія аўто ў Беларусі закране 2,4 тысячы чалавек.

Падрыхтавала

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о