Уявіце, што кожную раніцу вы адчыняеце акно, а перад вамі, наколькі хапае вока, разгортваецца жывая карціна з казачным кветкавым морам. Аднак для жыхароў Ляскавіч падобная казка-мара – рэальнасць. За адным з падворкаў аграгарадка замацавалася назва “дом з самым прыгожым выглядам”. Сёння ў межах нашай пастаяннай рубрыкі “Свет маіх захапленняў” мы зазірнем у госці да гаспадыні гэтага кветкавага царства – Наталлі Шаўчук.

Наша гісторыя пра тое, як звычайнае хобі ператварылася ў вялікае майстэрства, а на месцы звычайных град расцвіў сапраўдны каралеўскі батанічны сад, дзе буяе больш за 100 раскошных кустоў гартэнзій каля 70-ці ўнікальных гатункаў.
– У кожнага чалавека павінна быць нешта такое, дзеля чаго хочацца прачынацца раніцай. Будзільнік можа клікаць нас на працу, абавязкі – патрабаваць увагі, але па-сапраўднаму душу абуджае зусім іншае. Тое, што мы ласкава завем “хобі”, а насамрэч яно аказваецца нашай асабістай ціхай гаванню, крыніцай сіл і натхнення, – дзеліцца думкамі Наталля Рыгораўна.
Вытокі яе квітнеючай прыгажосці – у дзяцінстве. Наталля Рыгораўна шчыра прызнаецца: любоў да зямлі і хараства яна атрымала ў спадчыну ад матулі. У тыя часы, калі вясковыя падворкі традыцыйна і прагматычна аддаваліся пад агародніну ды пладовыя дрэвы, мамін палісаднік заўсёды вылучаўся з ліку іншых. Сярод строгіх і практычных радоў там абавязкова знаходзілася месца для ганарлівых гладыёлусаў, пышных півонь і рознакаляровых геаргін. Гэтая матуліна іскра беражліва захоўвалася ў сэрцы дачкі доўгія гады, чакаючы свайго часу.
Справа ў тым, што Наталля Рыгораўна ўсё сваё жыццё аддала самай высакараднай і даволі напружанай прафесіі – яна працавала педагогам. Настаўніцкая штодзённасць патрабуе поўнай самааддачы: урокі, хваляванні за вучняў, а пасля – бясконцыя вечары дома за праверкай сшыткаў і складаннем планаў-канспектаў. Пры такім графіку на сур’ёзнае захапленне катастрафічна не хапала часу.
Безумоўна, пакаёвыя расліны і невялікія клумбы былі ў Наталлі Рыгораўны заўсёды, але пра сапраўдны садовы размах тады даводзілася толькі марыць.
Менавіта заслужаны адпачынак падарыў ёй доўгачаканую магчымасць цалкам, з галавой акунуцца ў любімае хобі. Час, які раней ішоў на школьныя клопаты, цяпер цалкам належыць прыгажосці.
Вось ужо больш за шэсць гадоў Наталля Рыгораўна з вялікім захапленнем збірае сваю калекцыю. Свежыя і рэдкія гатункі яна шукае паўсюль: заказвае ў прафесійных гадавальніках, вядзе актыўную перапіску з такімі ж апантанымі аднадумцамі, атрымлівае пасылкі па пошце і прывозіць каштоўныя саджанцы з кірмашоў. Ёсць у яе зялёным царстве і прызнаныя любімчыкі. Напрыклад, раскошны гатунак “Палярны мядзведзь” з яго велізарнымі беласнежнымі шапкамі суквеццяў. А нядаўна калекцыю ўпрыгожыла доўгачаканая навінка – эксклюзіўны і вельмі далікатны гатунак “Паненка”. Побач з імі ганарліва сустракаюць гасцей знакамітыя “Ваніла Фрэйз”, “Лаймлайт” і калекцыйны “Фантом”.
Безумоўна, дагледзець такую колькасць кустоў – гэта велізарная штодзённая праца. Гераіня заўважае, што лацінская назва гартэнзіі перакладаецца як “сасуд з вадой”. Кветкі неверагодна вільгацелюбівыя, аднак не на столькі капрызныя, як многія лічаць. Галоўнае, што для іх трэба, – правільна падрыхтаваць глебу, своечасова падкарміць, перасадзіць і пастаянна паліваць. Наталля Рыгораўна ставіцца да сваіх раслін як да любых іншых жывых істот – з высокай доляй адказнасці і клопату. Аднак падчас размовы жанчына ні слова не сказала пра цяжкасці ці стомленасць. Яна з захапленнем гаворыць пра тую неверагодную асалоду, якую атрымлівае падчас стасункаў са сваімі кветкамі. Гаспадыня з усмешкай прызнаецца, як размяркоўвае свой час у палісадніку:
– Звычайна раніцай зайду туды – і час нібы спыняецца. Схамянуся, а суседзі ўжо ідуць на абед. Бацюхны, паўдня праляцела! Пайду сама хуценька перакушу – і зноў вяртаюся да сваіх любімцаў. І толькі тады, калі суседзі вяртаюцца з працы, і я іду дадому адпачываць.
У гэтым амаль штодзённым клопаце пра сад Наталля Рыгораўна атрымлівае каласальны зарад энергіі і сіл. Сапраўдны сакрэт яе палісадніка – гэта шчырыя размовы з кветкамі і бязмежная любоў.
– Калі пачынаецца перыяд актыўнага росту, на кустах фарміруюцца такія шчыльныя, буйныя і цяжкія суквецці, што да іх неверагодна прыемна нават проста дакранацца рукамі. Для мяне гэта асаблівая прыродная кветкатэрапія, якая ўмомант праганяе любыя жыццёвыя клопаты, – дзеліцца гераіня.
Вынікі гэтай працы саграваюць сэрца не толькі самой гаспадыні. Ляскавічы – месца вядомае і турыстычнае, таму міма гэтага кветкавага раю штодня праходзіць шмат людзей. Наталлі Рыгораўне вельмі прыемна, калі за прыгажосць ёй шчыра дзякуюць не толькі суседзі і знаёмыя вяскоўцы, але і зусім незнаёмыя госці аграгарадка.
Дарэчы, спыняцца на дасягнутым кветкавод не збіраецца. Не так даўно ў яе зялёным царстве з’явіліся яшчэ і элегантныя ружы. І гэта, безумоўна, стане пачаткам новай, асобнай гісторыі вялікай любові, якая з часам абяцае разрасціся ў не менш пышнае хараство на радасць усім навакольным.
– Вырошчваць кветкі – гэта не проста хобі, гэта вялікая адказнасць за кожны новы парастак, за кожны малюсенькі ўкаранёны чаранок. Сапраўднае захапленне робіць чалавека творцам. І зусім не важна, што менавіта адгукаецца ў вашай душы – кветкаводства, вязанне ці кулінарыя. Галоўнае, каб гэты занятак напаўняў вас знутры, дараваў радасць і прымушаў усміхнуцца новаму дню. Дазвольце сабе захапіцца чымсьці прыгожым, бо менавіта з такіх цёплых, стваральных момантаў і складаецца сапраўднае квітнеючае шчасце, – падзялілася ў завяршэнні размовы Наталля Шаўчук.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.






Оставить комментарий