У актавай зале першай гарадской школы прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу “Я – патрыёт сваёй краіны”, у рамках культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі “Цягнік памяці”.
2026 год для праекта юбілейны – сёлета “Цягніку памяці” спаўняецца пяць гадоў. За гэты час тысячы беларускіх і расійскіх школьнікаў здзейснілі ўнікальнае падарожжа па гарадах дзвюх краін, каб на свае вочы ўбачыць знакавыя месцы, дакрануцца да гісторыі, наведаць мемарыялы Вялікай Айчыннай вайны. Не дзіўна, што трапіць у лік удзельнікаў праекта мараць многія, а таму адбор традыцыйна сур’ёзны і патрабуе ад канкурсантаў не толькі глыбокіх ведаў, але і лідарскіх якасцяў.
Раённы этап конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” закліканы выявіць менавіта такіх рабят – ініцыятыўных, эрудыраваных і неабыякавых.
Варта адзначыць, што Петрыкаўскі раён мае станоўчы вопыт удзелу ў гэтым праекце. У 2023 годзе у “Цягніку памяці” удзел прымаў Ілья Боўсун вучань Курыціцкай сярэдняй школы. І на гэты раз конкурс, прысвечаны захаванню памяці пра подзвіг продкаў у Вялікай Айчыннай вайне, сабраў юных патрыётаў Петрыкаўшчыны, каб яны маглі выказаць сваю любоў да Радзімы праз творчасць і веды.
Рабяты ўжо прайшлі завочны тур, дзе прадставілі конкурсныя партфоліё і эсэ на тэму “Шлях да Перамогі”. Гэтыя работы, поўныя глыбокіх разважанняў пра гераізм прадзедаў, шляхі, пройдзеныя імі да нашага мірнага жыцця кранулі сэрцы журы. А ў вочным этапе лепшыя з лепшых выйшлі на сцэну з візітнымі карткамі. З гонарам і хваляваннем яны расказвалі пра свае сем’і, установы адукацыі любімыя куточкі Петрыкаўшчыны, пра тое, што патрыятызм жыве ў іх сэрцах.
І вось доўгачаканы вердыкт: Петрыкаўшчыну на абласным этапе будзе прадстаўляць навучэнка Конкавіцкай сярэдняй школы Невяроўская Паліна! Другое месца заняла навучэнка Мышанскай сярэдняй школы Анастасія Вераксіч. Трэцяе месца за Дзмітрыем Несцерчуком з сярэдняй школы №2 горада Петрыкава.
Цяпер Паліне трэба будзе прадэманстраваць свае веды і таленты на абласным этапе, які пройдзе ў сакавіку.
Пажадаем дзяўчыне поспехаў і новых перамог!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий