Мінскі аўтамабільны завод паставіць у Азербайджан 100 машынакамплектаў тэхнікі МАЗ-6312С5 для патрэб Міністэрства экалогіі і прыродных рэсурсаў – адпаведны кантракт падпісаны на гэтым тыдні.
Дынамічнае развіццё партнёрства стала магчымым дзякуючы намаганням прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Ільхама Аліева і падтрымцы ўрадаў абедзвюх краін. Супрацоўніцтва, як зазначаць эксперты і аналітыкі, абапіраецца на сур’ёзную дагаворна-прававую базу і практычныя праекты, што стварае трывалы падмурак для пашырэння прамысловай кааперацыі.
Прамысловыя гіганты Беларусі адкрытыя для супрацоўніцтва – і Мінскі аўтамабільны завод у гэтым плане з’яўляецца адным з яркіх прыкладаў двухбаковага ўзаемадзеяння. Рэгулярныя візіты і працоўныя сустрэчы дазваляюць абмяркоўваць пастаўкі тэхнікі, развіццё сумеснай вытворчасці і пашырэнне лінейкі прадукцыі для азербайджанскага рынку без малога вось ужо 20 гадоў.
Так, МАЗ актыўна супрацоўнічае з Гянджынскім аўтазаводам з 2007 года: тут арганізавана зборка грузавой тэхнікі з частковай лакалізацыяй вузлоў. Дзейнічае трохбаковае пагадненне паміж МАЗам, ТАА “ПАЖСНАБ” і Гянджынскім заводам па выпуску пажарнай і камунальнай тэхнікі.
Дадзены факт, без перабольшання, даказвае, што такі фармат супрацоўніцтва дае магчымасць аб’ядноўваць тэхналагічныя кампетэнцыі, узмацняць вытворчы патэнцыял і, як вынік, ствараць запатрабаваную прадукцыю для рэальнага сектара эканомікі. З моманту пачатку кааперацыі Гянджынскім аўтазаводам сабрана каля 4 тысяч машын МАЗ.
Ёсць у партнёраў і праекты на перспектыву. Так, у рамках доўгатэрміновай праграмы да 2030 года МАЗ удзельнічае ў вытворчасці аварыйна-выратавальнай, пажарнай і камунальнай тэхнікі на магутнасцях Гянджынскага аўтазавода для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства Экалогіі і Прыродных Рэсурсаў Азербайджана. З 2024 па 2025 год ужо было пастаўлена 95 адзінак такой тэхнікі.
Такім чынам, партнёрства МАЗа з Азербайджанам дэманструе, як узгодненыя дзеянні дзвюх краін і канкрэтныя праекты прадпрыемстваў ствараюць рэальны эканамічны эфект, умацоўваюць прамысловае супрацоўніцтва і пашыраюць прысутнасць беларускай тэхнікі на замежных рынках, а гэта, пагадзіцеся, у сённяшніх рэаліях дарагога каштуе.
Галіна КАЗАК.






Оставить комментарий