У Хойніцкім раёне прайшоў абласны турыстычны злёт працоўнай моладзі “Адзінства-2026”, які аб’яднаў не толькі прадстаўнікоў Гомельшчыны, але і гасцей з Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Петрыкаўскі раён на абласным форуме прадставіла каманда, якая ў чарговы раз даказала: наша моладзь умее не толькі эфектыўна працаваць, але і ярка адпачываць, дэманструючы высокі камандны дух і творчы патэнцыял.
Адным з самых цікавых этапаў злёту стаў конкурс “Візітная картка” пад назвай “Каларыт майго раёна”. Каманда Петрыкаўшчыны падышла да задання з душой і крэатывам. Тэма “Дзе нарадзіўся – там і згадзіўся” была раскрыта настолькі шчыра і артыстычна, што журы аднагалосна прысудзіла камандзе 1-е месца. Удзельнікі змаглі перадаць любоў да роднага краю, яго традыцый і ўнікальнай прыроды.
Акрамя творчых выпрабаванняў, праграма злёту была насычана спартыўнымі спаборніцтвамі. У дысцыпліне “Камандная рагатка” нашы землякі прадэманстравалі зайздросную вытрымку і дакладнасць. Зладжаная работа дазволіла камандзе заваяваць срэбра. А па выніках усіх этапаў спаборніцтваў і конкурсаў зборная Петрыкаўскага раёна ўвайшла ў дзясятку лепшых.
Мы ганарымся нашымі землякамі: Сяргеем і Марыяй Шамра, Аляксандрам і Крысцінай Браім, Андрэем і Анастасіяй Андрук, Сяргеем і Валянцінай Урбанчык, Янам Шпігановічам, Ігнатам Гудачэўскім, Юрыем Грэнко, Варварай Хоміч, Ганнай Шлык, Аляксандрам Літашам, Ільёй Есміновічам, Вольгай Герасіменка! Іх уменне працаваць у камандзе і любоў да сваёй малой радзімы – гэта тое, што дазволіла паказаць сябе. Яны – прыклад для ўсёй нашай моладзі!
Ужо стала традыцыяй на турзлётах працоўнай моладзі правядзенне дыялогавых пляцовак. Сёлета размову з удзельнікамі вёў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў. Падчас сустрэчы члены каманд задавалі пытанні, адказвалі на іх, каментавалі, спрачаліся, абменьваліся думкамі. Сярод актыўных удзельнікаў быў і прадстаўнік нашага раёна – інспектар сектара прапаганды Петрыкаўскага РАНС Сяргей Шамра.
Супрацоўнік сілавой структуры ўпэўнены: для сучаснай моладзі подзвіг сёння – не баяцца браць адказнасць, быць актыўным, ініцыятыўным.







Оставить комментарий