Як захаваць беларускую вёску

0
297

Алена Асадчая, дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” Петрыкаўскага раёна, адзначае:
– Душой адгукнулася на заклік Прэзідэнта не перанасяляць Мінск, які ён агучыў на мінулым тыдні на адкрыцці ў сталіцы новай паліклінікі. У гэтым мне бачыцца не толькі жаданне разгрузіць сталічныя праспекты, пра што, дарэчы, кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся, але і мудрая, дальнабачная стратэгія.
На жаль, сёння ў аграпрамысловым комплексе мы адчуваем дэфіцыт працоўных рук. Калі ў прамысловым сектары праблема часткова вырашаецца за кошт рабочых, што працуюць вахтавым метадам, то для сельскай гаспадаркі – гэта не варыянт. Зямлі патрэбен гаспадар: працавіты, адказны, любячы, самааддана працуючы на ёй штодня.
Як чалавеку, што звязаў сваё жыццё з працай на зямлі, мне блізкае і зразумелае жаданне Прэзідэнта развіваць вёску. Гэта, без перабольшання, інвестыцыі ў будучыню. Каб моладзь імкнулася звязаць сваё жыццё з працай у сельскай гаспадарцы, вёска павінна адпавядаць іх запытаам: неабходна стварыць такія ўмовы, каб малады спецыяліст ехаў у раён не пад прымусам, а па перспектыву, каб праца ў сельскай гаспадарцы была прэстыжнай.
Сёння нямала дзеля гэтага робіцца. Сучасная вёска – гэта не пахіленыя платы, а аграгарадкі з газам, інтэрнэтам, добрымі дарогамі і годным заробкам. Многія ўжо ацанілі, што ўтульны сучасны дом з участкам у аграгарадку ці райцэнтры, шчыра кажучы, куды прэстыжней за аднапакаёўку на ўскраіне сталіцы – і гэта не можа не радаваць.
Да таго ж, намаганні кіраўніцтва краіны і шчырая праца нашых аграрыяў паспрыялі таму, што Беларусь за апошнія дзесяцігоддзі ператварылася ў магутнага экспарцёра прадуктаў харчавання. Нашы тавары ведаюць і любяць за мяжой менавіта за іх якасць і натуральнасць.

Аднак, каб утрымаць гэтую планку, паўтаруся, патрэбны людзі, адданыя сваёй справе, якія выраслі на зямлі і разумеюць яе каштоўнасць. Таму ўкладанні ў развіццё вёскі і сельскай гаспадаркі, праца з моладдзю па замацаванні – гэта самыя прыбытковыя інвестыцыі, бо менавіта вёска – наша будучыня і наш рэальны гарант суверэнітэту.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о