Адно з вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, СУП “Палессе-Аграінвест”, афіцыйна ўключылася ў напружаную, але такую доўгачаканую пару вялікага жніва. Днямі першыя камбайны выйшлі на палеткі для ўборкі азімага ячменю.

У дзень наведвання карэспандэнтамі “ПН” сельгаспрадпрыемства эпіцэнтрам працоўнай славы стала ўрочышча «За кузняй».

На плошчы ў 29 гектараў разгарнулася зладжаная праца сапраўдных майстроў сваёй справы. На палетку шчыравалі вопытныя механізатары, чыя праца з’яўляецца залогам харчовай бяспекі краю. За штурвалам айчыннага камбайна традыцыйна высокую эфектыўнасць дэманстраваў адзін з вядучых механізатараў прадпрыемства Аляксей Клімчык. На адвозцы новага ўраджаю, забяспечваючы бесперабойны тэмп жніва, на сваіх надзейных МАЗАх чотка працавалі Дзмітрый Вяргей і Сяргей Прыкота. У “Палессе-Аграінвест” тэхналагічны працэс даведзены да аўтаматызму: уборка збожжа суправаджаецца імгненным закрыццём поўнага цыкла палявых работ. Следам за камбайнам на полі працуе прэс-падборшчык, якім кіруе Уладзімір Кастылецкі. Ён аператыўна падбірае залатую салому, пакуль яна знаходзіцца ў сваёй найлепшай кандыцыі, і акуратна скручвае яе ў шчыльныя рулоны.

Па словах дырэктара СУП “Палессе-Аграінвест” Алены Асадчай, на палетках аграпрадпрыемства сёлета – каласальны аб’ём працы. Агульная плошча жніўнага кліну складае 4855 гектараў. З іх: 2850 гектараў – азімыя збожжавыя культуры, 1405 гектараў – яравыя культуры, 600 гектараў – азімы рапс.

Наперадзе ў хлебаробаў шмат бяссонных начэй і гарачых дзён, аднак работнікі цяжкасцей не баяцца. На прадпрыемстве кожны крок тэхналагічна вывераны, а тэхніка падрыхтавана на вышэйшым узроўні. Ход уборачнай кампаніі і стратэгічныя задачы прадпрыемства падрабязна пракаменціравала Алена Асачая: “Сёлетняе жніво – гэта іспыт на прафесіяналізм, які мы гатовы здаць на выдатна. Наша галоўная стратэгія заключаецца ў строгім захаванні агратэхнічных тэрмінаў і мінімізацыі страт. Мы разумеем, што кожны пагодлівы дзень год корміць, таму паралельна з уборкай збожжа адразу вызваляем палі і нарыхтоўваем салому. Зямля не павінна пуставаць ніводнай лішняй хвіліны. Аб’ём работ у больш як 4,8 тысячы гектараў – лічба сур’ёзная, але дзякуючы жалезнай дысцыпліне, высокай мадэрнізацыі вытворчасці і, самае галоўнае, залатым рукам нашых механізатараў, мы ўпэўнена глядзім у заўтрашні дзень. Увесь працэс у нас дакладна падпарадкаваны законам аграноміі, таму ўраджай будзе захаваны якасна і своечасова”.

Жніво на Петрыкаўшчыне набірае абароты. Няхай надвор’е спрыяе нашым аграрыям, а кожны гектар аддзячвае шчодрым ураджаем.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о